
* Аблубiцца - абадок.
** Мажджыр - жалезны таўкач.
Насустрач яму папалася рота вайсковых, яны паволi iшлi, i запявала, радасны ад свае песнi, запяваў:
Пайшла Манька, эх, ды ў лес,
А ёй жук пад хустку ўлез...
I здаровыя галасы, гуллiвыя ад жартаўлiвае песнi, якую заўсёды спявалi ў час вясёлага настрою, калi спацыравалi па канцавых вулiцах горада, хваталi прыпеў:
Эх, Манюша, гых, Манюша
Разгулялася
Цэлы дзень бесперастанку
Цалавалася!..
Словы мала разбiралiся ў звычных галасах, але матыў яе i выконванне гаварылi аб сiле, якую неабходна трэба было вылiць у песнi.
"Штацкi" атрад Юзiка рассыпаўся, а пасля, як вайсковыя схавалiся за вуглом, ён зноў яго сабраў, падаў нейкую каманду, i атрад рушыў.
Пасля Манька а яй лес,
А ёй зук панцоху ўлез...
зацягнуў Юзiк, з вялiкай важнасцю аглядаючыся па баках.
I атрад яго грануў прыпеў.
А самы заднi, што без шапкi, якую прамяняў на яблыкi, ведаючы, што на зiму бацька маецца другую купiць, нёс вольную цяпер аблубiцу ды ўсё ўпэўнiваў усякага, хто пападаўся на дарозе:
- От, братка, наярваем!
А той "братка", часамi сiвы дзед, адыходзiў убок ды з любасцю глядзеў на дзяцей.
Хутка i Юзiк згiнуў з сваiм атрадам, i на зялёна-цёмнай плошчы нiкога не засталося, бо месца гэтае падыходзiла да канца горада... Пуста было, i толькi там, дзе плошча пераходзiла паступова ў бульвар, збiралiся вайсковыя музыканты. Iх постацi варушылiся на палiнялым фоне лёгкага змроку, i ясна вiдна была знаёмая Вiктару Зенiчу высокая постаць капельмайстра.
I ўяўлялася зямля i людзi на ёй. I ўсё хацелася пайсцi па зямлi, ахвацiць яе сабою i сказаць кожнаму: вось я бачу, чую, адчуваю цябе. I пачынаю адчуваць у цябе тое, чаго ты i сам можа не адчуваў...
А нашто гэта?
То гэта ты думкi можаш растлумачыць, а пачуццi хiба заўсёды можаш?..
Тады выйшаў Вiктар Зенiч на вячэрнюю вулiцу.
IV
- Справа вось у чым, - чуўся недзе недалёка задуменны голас, - аб цвiк чуць вуха не разарваў.
