Мы пераходзiлi з класа ў клас, пачыналi чытаць братоў Стругацкiх i Брэдберы, пiсаць любоўныя цыдулкi i цiскаць iхнiх адрасатак у школьным гардэробе. Мне падабалася поўненькая аднакласнiца Поля Кругляк. У шостым класе я колькi разоў падводзiў яе дахаты i прапаноўваў "дружить". Поля чырванела, апускала вочы i, картавячы "р", цiха казала, што яна згодная толькi на сур'ёзныя адносiны. Я не ведаў, што такое сур'ёзныя адносiны, i маркотна пазiраў услед поўным Полiным нагам, падобным да лiтровых малочных бутэлек.

Да Сiмачкi Музыкант Полi было, безумоўна, далёка, аднак Сiма з бацькамi ўжо з'ехала ў Iзраiль. Выправiлася на гiстарычную радзiму i шмат iншых суседзяў. З'ехалi Шэфы з сынам Iллюшам, маiм аднагодкам, што меў не надта, вiдаць, зручную для iзраiльскага грамадзянiна мянушку з нейкiм арабскiм прысмакам - Мустафа Ягло-Ягло. З'ехалi Кацнельсоны са сваiм Мiшам, мянушка ў якога (прышчэпленая, дарэчы, Фiмам-забойцам) была шматкроць даўжэйшая, велягурысцейшая i дзiўнейшая - Мабута Чомба Лэя Пiнзя Скавародкiн.

"Жиды редеют, а ряды жидеют", - са злосцю зацятага антысемiта казаў школьны ваенрук Iван Кiрылавiч, што на занятках па грамадзянскай абароне вучыў нас з малалецтва карыстацца супрацьгазам, якi аднойчы назваў таямнiчым словам "гандон". Я не разумеў ягонае злосцi. Мне было шкада аднакласнiкаў, што назаўсёды знiкалi з майго жыцця разам з мянушкамi, бацькамi, брацiкамi i сястрычкамi. У шостым класе афiцыйных габрэяў у нас засталося ўсяго трое Поля Кругляк, Марк Альтбрэгiн, якому я пякуча зайздросцiў, бо ў яго дома было ажно два тэлевiзары, i Бора Гасiль.

Бору я не зайздросцiў. Выконваючы пiянерскае даручэнне, я падцягваў яго па матэматыцы.

Падцягванне Боры адбывалася даволi цiкава. Мы займалiся на кухнi, дзе плаваў настоены пах смажанай цыбулi, за сталом, засланым белаю цыратай у блакiтныя краткi. Трэба сказаць, што з маiх тлумачэнняў Бора нiколi нiчога не разумеў дый не iмкнуўся зразумець, а ўвесь час прапаноўваў згуляць у настольны футбол.



6 из 11