
Пад час нашых заняткаў Фiра зазвычай уладкоўвалася побач на зэдлiку i ела мяне пукатымi авечымi вачыма, пакуль я не збiваўся i не заблытваўся ў лiчбах. Заўважыўшы гэта, яна дарыла мне задаволеную ўсмешку i, трасянуўшы кудзеркамi, выплывала з кухнi, падкрэслена круцячы клубамi i пакiдаючы ва ўсёй маёй iстоце саладкавую гарачую млявасць. У тыя хвiлi ўваччу неадчэпна стаяў малюнак з нядаўняе мiнуласцi, калi я вучыўся ў чацвёртым класе, а Фiра - у трэцiм. Пакiнуты на другi год пяцiкласнiк Вася Шуйскi прапанаваў Фiрцы за марозiва схадзiць з iм у зараснiкi лопуху за канавай i паказаць, што ў яе пад трусiкамi. Калi Фiра вярнулася, тое самае, але ўжо за пяцьдзесят капеек прапанаваў ёй Васькаў прыяцель Валерка Акаркоў, i яна зноў згадзiлася. Кажуць, што потым, на зямлi продкаў, Фiра пачала з масажнага кабiнета, вельмi хутка пайшла ўгору i цяпер кiруе велiзарнай сеткаю гэткiх кабiнетаў па ўсёй краiне, у што я, успамiнаючы тую дзiцячую кухонную млявасць, ахвотна веру.
З кнiжкi пра Грышку Распуцiна я ўведаў, што сакратаром у яго служыў мазырскi габрэй Сiмановiч. Аднойчы генiяльны прыдворны чмут вырашыў падараваць паплечнiку залаты спод з надпiсам. Надпiс уласнаручна накрэмзаў гравёру на шматку паперы сам Распуцiн - "Лутшиму ис ивреив".
Каб у дзяцiнстве мне прапанавалi падараваць спод з гэткiм надпiсам камусьцi з маiх знаёмых габрэяў, я без ваганняў выбраў бы Вову Цымермана.
У школьныя гады мы хадзiлi як злыганыя. Разам гадавалi прывезенага мною з бабулiнай вёскi маладога зайца Колю i разам, пусцiўшы слязiну, хавалi ягоныя костачкi ў скрынцы з-пад абутку, калi гаротнiка Колю разарваў суседскi сабака Дунай. Разам латашылi чужыя сады, а ў сваiх садах, якiя трэслi суседскiя хлапчукi, пяклi ў прыску бульбу. Разам палохалi дзяўчынак акулярыстымi вужакамi, якiх лавiлi ў траўнi на прыгарадных азёрах i прыносiлi ў школу за пазухай.
