
Убачыўшы такое, Iван незадаволена скрывiўся: летась было цiкавей. Летась Фроська братавай пад вока лiхтар наставiла i гной на галаву ўскiнула. Пятнаццаць рублёў штрафу за тое атрымала. На суд тады ўся вёска сышлася, нават з Гатава папрыходзiлi. У дзьвярах стаялi, а загадчыцы клюба Мандрычысе, якая судзьдзёй была, ад задухi i хваляваньня млосна стала.
Прыгадваючы ўсё гэта, Iван агледзеўся, разважаючы, чым бы гэта заняць рукi, а ўбачыўшы на сьцяне сталоўкi пакарабачаную трубку, у якой, па iдэi, павiнен быў тырчаць чырвоны сьцяг, стаў накiдваць на яе сваю вушанку. Зь пятага цi шостага разу яму гэта ўдалося, Iван задаволена пацёр рукi, агледзеўся, шукаючы якую палку, i ў гэты момант чуйны слых ягоны вылучыў зь бязладнага туркаценьня трактара дробны ляскат Лябёдкавай "Панонii".
Матацыкал ляскатаў з натугаю, i, што самае дзiўнае, за сьпiнаю Лябёдкавай сядзела, загалiўшы белыя сьцёгны, загадчыца сталоўкi Пятроўна.
"Куды гэта яны? Цi не ва Ўсьвяцкi раён?" - падумаў Iван i на ўсялякi выпадак прыхаваўся за рогам сталоўкi.
Лябёдкавы драндулет даехаў толькi да сярэдзiны гары. Чхнуўшы, матацыкал заглух, зьехаў з дарогi i занурыўся пярэднiм колам у прыдарожны кювэт.
- Пятроўна, пачакай! - даляцеў да Iванавых вушэй зычны воклiч, але Пятроўна, якая ўжо шыбавала па бальшаку, на той воклiч нават не азiрнулася. Датупаўшы да сталоўкi, кабета перавяла дых - было добра чуваць яе нэрвовае дыханьне, - павярнула ключ i кiнула на парог грукатлiвую завалу.
- Во паразыт няшчасны! - прамовiла Пятроўна, расчынiўшы дзьверы, i ваконныя шыбы палахлiва зумкнулi ад грукату ейных ботаў.
Праз пару хвiлiн ля дзьвярэй сталоўкi цяжка засоп i былы кiнамэханiк. Падагнаўшы матацыкал да слупа, ён таксама перавёў дых, мацюкнуўся, i шыбы зноўку зумкнулi, цяпер ужо ад надраўнага голасу Пятроўны.
- Забiрай сваю халеру! - загадчыца выставiла на ганак валiзу, грукнула завалай i прашаптала тое ж нядобрае слова, якое хвiлю таму прамовiў Лябёдка.
