
- Пятроўна... давязу! - крыкнуў быў Лябёдка, калi загадчыца рушыла па дарозе, але тая махнула рукой, сiганула цераз кювэт i неўзабаве зьнiкла за прыдарожнымi кустамi.
Iван кашлянуў, выйшаў насустрач сябру.
- А-а! Ваня! - Лябёдкава рука балюча сьцiснула пальцы. - Вось, забылiся ўчора, - кiўнуў сябрук у бок валiзы i выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".
Папяросiны ў пачку былi пустыя. Лябёдка паспрабаваў быў напхаць у адну зь iх тытуню, але хутка кiнуў гэты занятак i з уздыхам прысеў на ганак сталоўкi.
- Ну як, чуў? - запытаўся сябрук, падхапiўшы валiзу. Размова вiдочна iшла пра дзяльбу ўгнаеньня. - Зноў за сьведку выступаць будзеш? - рагатнуў Лябёдка, ляснуў чамаданнымi зашчапкамi, а Iван пасьля такiх слоў незадаволена плюнуў.
Летась, падчас таварыскага суда, на якiм Фроську Траянiху судзiлi, Iван у кiнабудцы сядзеў, бо ў зале не было месцаў. I вось, калi Мандрычыха пачала пытацца, хто бачыў бойку, усе, хто сядзеў у клюбе, языкi папрыкусвалi ды вочы ў падлогу панурылi. Хвiлiн пяць так сядзелi, нават кашляць перасталi. Тут у Iвана язык i разьвязаўся. Крыкнуў праз адтулiну, маўляў, ён бачыў i аб усiм распавесьцi можа. Мандрычыха тады акрыяла, пачала нешта пытацца, а Iван адказваў, у адтулiну гарлаючы.
Пасьля суда мацi яго цэлы вечар прабiрала, спрабавала нават вушы накруцiць. Фроська ж ейнай сяброўкай была, а Iван на тую сяброўку невядома што нагаварыў...
- Во, бляха... - вылаяўся Лябёдка, узьняўшы чамаданнае вечка, - шэсьць е пяць эс... так i знаў, што паб'ецца.
Выкiнуўшы з валiзы шкляныя аскалёпкi, былы кiнамэханiк iзноў мацюкнуўся, падняўся на ногi, а Iван, згадаўшы пра шапку, пабег здымаць яе са сьцяны сталоўкi.
З Дабранскай гары ляцелi, не адчуваючы пад сабой азадкаў. Вецер пругка бiў у твары, душа сьцiскалася ў камяк, i рот неяк сам сабою адкрываўся. Iвану карцела сьпяваць, крычаць штосьцi насустрач ветру, а аднаго разу, калi "Панонiя", наехаўшы на грудок, адарвалася ад зямлi, заманулася нават куснуць ад захапленьня Лябёдкаву сьпiну.
