
Пабоўтаўшы анучку ў халоднай вадзе, ён хацеў яе выкруцiць, але пачуў воклiк: - Ня трэба! - i подбежкам вярнуўся да матацыкла.
- Грэецца, халера, аж нагу пячэ, - Лябёдка пляснуў анучу на распалены рухавiк, i галава ягоная схавалася ў аблачыне смуродлiвай пары.
- Фу, бляха! - Былы кiнамэханiк паморшчыўся, паляпаў па сьцёгнах, шукаючы папярос, а згадаўшы, што курыва няма, мацюкнуўся i сеў на край узбочыны.
Мясьцiны навокал былi глухiя - анi людзей, анi паселiшчаў - адно кусты, кусты, ды сям-там пракiдвалiся пералескi зь цёмнымi елкамi ды беластвольнымi бярозамi. Гулкае бязьлюдзьдзе i асьлiзлае неба над галавой нарадзiлi ў душы няўцямную трывогу, таму Iван, якi таксама ўладкаваўся на ўзбочыне, падсеў блiжэй да сябра.
- Пажаваць чаго, цi што? А, Ваня?
Iван кiўнуў, пагаджаючыся з такiмi словамi, памружыўся на сiнi далягляд i толькi пасьля таго, зразумеўшы намёк, выцягнуў з-за пазухi пакет з лусьцiкамi.
Потым яны елi хлеб з маслам, Лябёдка пры гэтым чытаў раённую газэту, у якую былi загорнутыя лусьцiкi, а прачытаўшы ўголас пра вiзыт Эрыха Хонэкера ў Маскву, абклаў таго мацюкамi i пусьцiў газэту па ветры.
- Кiлямэтраў пяць яшчэ, - крэкнуў Лябёдка, падымаючыся на ногi. - Вунь, за тым лесам - павернем на бальшак, а там ужо недалёка. - Лябёдка паставiў нагу на понаж, а Iван, перш чым асядлаць "Панонiю", паглядзеў на неба. Угары iзноў усхадзiлiся гракi. Надрыўна гарлаючы, яны кружлялi вакол "Зары камунiзму", якая белай птушкай ўздымалася над зямлёю.
Адбiўшы азадкi i ўдосыць наглытаўшыся пылу, яны выехалi на бальшак, павярнулi направа, i неўзабаве з-за пагорка ўсплыў дарожны ўказальнiк з надпiсам "Чурилово". Iван тыцнуў кампаньёна ў бок, пытаючыся такiм чынам, цi ня Ўсьвяцкi гэта раён, i кампаньён сьцьвярджальна кiўнуў галавой.
Па вёсцы пракацiлiся з шыкам, з форсам, разганяючы перапуджаных курэй i прымушаючы азiрацца чурылаўскiх цётак. Ля сельмага Лябёдка, па старой звычцы, газануў, даў кругаля вакол нейкай кабеты, i спынiўся ў лiчаных сантымэтрах ад сельмагаўскага парога.
