
- Лётаюць як самашэччыя! I калi ўжо сабе галовы скруцяць? - азвалася за сьпiнаю кабета, i Iван, злазячы з матацыкла, падзiвiўся з таго, што вялiкарусы размаўляюць на той жа мове, што i бычкоўцы.
Кабета незадаволена пратупала да крамы, адчынiла рыпучыя дзьверы, а сьледам за ёю ў краму ўвайшоў i Лябёдка. Iвану таксама карцела зiрнуць на тутэйшыя тавары, але навокал круцiлiся вясковыя падшывальцы i трэба было сьцерагчы валiзу. Ён навалiўся жыватом на сядзеньне, прытулiў да валiзы вуха i, мружычыся, не раўнуючы, як той кот Барыс, стаў глядзець на пашарпаныя крамныя дзьверы. Дзьверы доўга не расчынялiся, нарэшце разнасьцежылiся, зь iх выйшла дзябёлая кабета, якая, узяўшы рукi ў бокi, доўга азiралася, а згледзеўшы некага, сiпла галёкнула:
- Манька, ты круп узяла?!
- Анягож! - адгукнулася нябачная Манька, i Iван, паслухаўшы ўсё гэта, пераканаўся, што вялiкарусы ва Ўсьвяцкiм раёне размаўляюць на чысьцюткай беларускай мове.
Лябёдка выйшаў з крамы хвiлiн праз пятнаццаць. Стоячы на ганку, сябрук надарваў пачак "Беламору", выцягнуў папяросу, а ўбачыўшы, што да крамы iдзе маладая жанчына, нядбайным рухам кiнуў пачак Iвану. Iван злавiў яго абедзьвума рукамi, але некалькi беламорын упала на пясок, i эфэкт ад кiдка быў змазаны.
- Жывем, Ваня! Працы - на месяц! - прамовiў Лябёдка, зiрнуў краем вока на маладуху i, перахапiўшы з Iванавых рук пачак, стоена шапятнуў: - Кабеньчыха. Перадапошняя хата направа.
Вёска Чуралава памерамi была - што тыя Бычкi. Двароў восемдзесят-дзевяноста. Але ў адрозьненьне ад Бычкоў хаты тут стаялi ў поўным бязладзьдзi: анiякiх табе вулiц, так што пакуль знайшлi Кабеньчыху, давялося ладна пакруцiцца.
Падкацiўшы да патрэбнай хаты, яны зьмерылi вачыма тэлевiзiйную антэну, што тырчала над страхою, i наструнена пераглянулiся: у глыбiнi разьлеглага, парослага жухлай лебядою двара, заходзiўся ад брэху вiславухi сабака. Каб не бянтэжыць гаспадароў, Лябёдка зьняў з галавы шлем, прылашчыў валасы i, не рашаючыся ўвайсьцi ў двор, зычна кашлянуў. У адным з вакенцаў матлянулася фiранка, i праз хвiлю-другую на парозе хаты зьявiлася пахiлая бабуля.
