
- Даччын цiлiвiзер, - паведамiла старая, змахнуўшы пыл з экрана. - Сабе новы ўзяла, а мне ўжо гэты... Прывезьлi зь зяцем, уключылi... Як тут былi, дык рабiў, а як зьехалi, дык зламаўся. - Бабуля ўздыхнула, склала ў дзьве столкi абрус, а ўбачыўшы, што майстар зморана аддзьмуўся, дэманструючы, што такiя размовы яму добра-такi надакучылi, цiхенька сышла на кухню.
- Памру зараз, - прасiпеў Лябёдка, паднес штэпсэльную вiлку да разэткi, але нечакана сумеўся i страсянуў вiлку ля вуха.
- У вас тут мужчыны ёсьць? - крыкнуў, зьвяртаючыся да бабулi, майстар, i голас ягоны сьведчыў за тое, што калi яму зараз жа не нальюць пахмялiцца, ён i папраўдзе памрэ.
Гаспадыня, вiдаць, адчула настрой тэлемайстра, бо ў тое ж iмгненьне на кухнi бразнулi шклянкi i аглушальна засквiрчэлi яйкi на распаленай патэльнi.
- Якiя там мужчыны!.. Бабы ды два дзяды... Базылю восемдзесят, а Хамёнку яшчэ больш... Японскую памятае.
Майстар выпусьцiў праз нос паветра, варухнуў кадыком i зь нейкай разьюшанай апантанасьцю стаў раскручваць штэпсэльную вiлку.
За вакном сутоньвалася. Сьнежныя крупы стукалi па шыбе, у комiне галасiў вятрыска, i ад усiх гэтых зыкаў Iвану зрабiлася не па сабе.
"I калi ўжо вернемся?" - падумаў ён, панылымi вачыма азiраючы хату. "Трэба было хоць цыдулку пакiнуць, каб мацi не хвалявалася".
Iван затрымаў позiрк на ходзiках, што цiкалi пад стольлю, i з грудзей ягоных вырваўся пакутлiвы ўздых. Гадзiньнiк паказваў палову трэцяй: акурат гэтым часам мацi вярталася зь дзённай дойкi. "Пабачыць, што мяне няма, i да Мiронаўны пацягнецца. Тая i скажа, з кiм паехаў..." - Iван уявiў, як роспачна будзе лаяцца мацi, як яна, зганяючы злосьць, будзе ганяцца з ручнiком за катом Барысам, i, заняты сваiмi думкамi, не пачуў Лябёдкавага воклiку:
- Эй, Ваня... заснуў?
У сьвятлiцы грала музыка, на кухнi сквiрчэлi шкваркi, а на тэлевiзiйным экране каласiлася жыта, i стройным шыхтом iшлi камбайны.
