
...Берасьцянка - невялiчкая, ня болей дзесяцi хат вёска - упiралася сваiм канцом у рачны бераг. Памятаючы словы бабцi Параскi, кампаньёны, не пытаючыся дарогi, паехалi да Ловацi, а ўбачыўшы над крайняй хатай шост з пакарабачанай антэнай, рашуча завярнулi ў двор. Лябёдка па-майстэрску дакладна ўпiсаўся ў вузенькiя весьнiцы, узьняў у паветра курэй, загнаў на страху вялiзнага чорнага ката i, выклiкаючы гаспадароў, да ўпору крутнуў ручку газу. Лябёдка, вiдаць, добра напужаў гаспадароў, бо яны доўга не высоўвалiся, а калi нарэшце дзьверы прачынiлiся, дык у дзьвярную пройму можна было ўпiхнуць хiба што нос. Нос, дарэчы, i вытыркнуўся з проймы, i Лябёдка, маракуючы - каму ён мог належаць мужчыну, цi жанчыне, прыязным голасам вымавiў:
- Вам прывiтаньне ад сястры.
Пройма пашырылася, зь цёмных сяней вытыркнулася сьсiвелая бабуля, якая зьдзiўлена-плаксiвым голасам запытала:
- Якой гэта сястры?
- Якой-якой... Кабеньчыхi, халера старая, - буркнуў Лябёдка, вырваў з Iванавых рук валiзку i, бачачы, што гаспадыня па-ранейшаму зь недаверам лыпае вачыма, дадаў: - Зь Неўля мы, з тэлеатэлье. Тэлевiзары рамантуем.
Зiрнуўшы на Лябёдкавы шлем, гаспадыня паспрабавала прычынiць дзьверы, аднак Лябёдка пасьпеў упiхнуць нагу ў дзьвярную шчылiну i з усёй рашучасьцю ўвайшоў у сенi.
- Давай, бабуля, гатуй пачастунак, а то ў нас часу мала, - загрымеў праз хвiлю ягоны голас, i Iван, азiрнуўшыся на бокi, падаўся ў хату.
У Кабеньчысiнай хаце было цёмна, няўтульна, а тут панаваў парадак, пахла нейкiмi зёлкамi, а на засланым белым абрусам стале красавалi папяровыя кветкi ў зялёнай вазе. Тэлевiзар таксама быў засланы белым абрусам, i Лябёдка, не рашаючыся зьняць яго сваiмi бруднымi рукамi, зь нецярплiвасьцю паглядзеў на гаспадыню. Бабуля ў сваю чаргу паглядзела на Iвана, потым перавяла позiрк на валiзку, а ўпэўнiўшыся, што перад ёю тэлемайстры, увiшна падхапiла покрыўку.
