Удар атрымаўся такi хвацкi, што свавольнiк нават ня вiскнуў, адно толькi страсянуў вушамi i паволi апусьцiў галаву на вышчарблены парог хлеўчука. Празь iмгненьне ўсё было скончана. Не пасьпеў Iван вылезьцi са схову, як Лябёдка, аблаяўшы яго тымi ж словамi, якiмi надоечы абклаў вепрука, задзёр кабану пярэднюю нагу i загнаў у парсючынае цела гостра наточаную швайку. Кабан задрыгаў нагамi, затрос адвiслым чэравам, але глядзець на тыя курчы доўга не давялося, бо побач з кабаном заходзiўся ад болю няўдалы разьнiк. Скрывiўшы твар, ён скакаў на адной назе вакол ночваў i, махаючы скрываўленай швайкай, пякельна мацюкаўся. Давялося падстаўляць плячук i дапамагаць сябру зьняць з пакусанай нагi скарэлы кiрзач. Кiрзач не здымаўся, i тады бабця Мар'яна, ачуўшыся ад сполаху, здушана прамовiла:

- У хату зайдзiце, можа, перабiнтаваць трэба.

У хаце Iван сьцягнуў зь Лябёдкавай нагi абутак, Лябёдка паварушыў пасiнелымi пальцамi i на ўсялякi выпадак змазаў пакусанае месца ёдам з пляшачкi, якую дала бабуля.

- А ўсё ж такi я яго ўмачыў! - зазначыў Лябёдка, зiрнуўшы на бутлю самагонкi. У голасе ягоным гучалi пераможныя ноткi. - Зараз абсмалiм, разьбяром...

- Вы ж глядзiце, кiшку перавяжыце, - незадаволена буркнула бабуля, выкочваючы ў сенi кубел пад сала, I Лябёдка, ня надта цямячы - што там трэба перавязаць, падхапiў бутлю i гэтаксама незадаволена адказаў: - Перавяжам.

Яны чокнулiся, i немы лямант, што прагучаў знадворку, супаў са звонам чарак.

- А людцы мае добрыя! А што ж гэта... А куды ж ён падзеўся-а?!

На хаду глытаючы трунак, Лябёдка кiнуўся да дзьвярэй, а сьледам, падхапiўшы сябруковы кiрзач, рынуўся ў сенi й Iван.

- А што ж гэта такоя-а!! А цi ж не цябе я кармiла-гадавала-а?!

Яны вылецелi на ганак, ачмурэлымi вачыма паглядзелi спачатку на бабцю Мар'яну, потым на перакуленыя ночвы i на пляму крывi ля дзьвярэй сьвiнушнiка. Кабана, якога яны зьбiралiся смалiць, на двары не было.



28 из 36