
- А куды ж ты зьбег... куды ж ты зьбег, мой парсючо-ок?! - галасiла старая, i ад гэтага ляманту стыла кроў у жылах, сьцягвалася скура на лобе, i гарачыя голкi калолi ў пахвiне.
Тупкая сьцяжына, што вяла са двара да весьнiц, была пазначана крывавай пасмай, крывёю былi запырсканы i самi весьнiцы, i Лябёдка, перш чым кiнуцца за кабаном, сьцiснуў кулакi i кляцьвенна выдыхнуў:
- Далёка не ўцячэш!
Iван ляцеў, ня гледзячы нi вока, нi бока, а паперадзе, прыпадаючы на босую нагу, бег, як жару хапiўшы, былы кiнамэханiк Лябёдка.
Крывавы сьлед кiраваў да берага ракi. Перагнаўшы сябра, Iван першым уляцеў у кусты, спынiўся на iмгненьне, каб падняць згубленую вепруком вяроўку, i сябра, наляцеўшы на яго, засоплена вылаяўся:
- Чаго ты тут стаў, як ёлупень...
Iван пацёр пабiты азадак, застагнаў, падхапiў вяроўку i так - зь вяроўчынай у адной руцэ i з кiрзачом у другой, - дадыбаў да вады.
- Вунь ён, сука, на дне ляжыць! - не сваiм голасам гукаў Лябёдка, апантана ўглядаючыся ў рачную плынь. Яшчэ празь iмгненьне сябрук ускочыў на камень, няўклюдна махнуў рукамi i нечакана плазам паляцеў у ваду. Халодныя пырскi ўзьнялiся ў халоднае неба, разьляцелiся ва ўсё канцы, кранулiся Iванавага твару.
- Сьлiзка, халера... лёд пад нагамi... - выгукнуў памiж мацюгамi Лябёдка i вокраччу вылез на бераг. Не падымаючыся з каленяў, ён працягнуў Iвану нецярплiвую руку, а Iван не зразумеўшы - што трэба напарнiку, прапанаваў таму кiрзавы бот.
- Вяроўку дай, йоп... - вылаяўся сябрук, схапiў вяроўку i, насунуўшы пятлю на цэўку рукi, зноўку папоўз да вады.
- Трымай, зашмаргу накiну... - Лябёдка чхнуў, страсянуў голай пяткай, i Iван, зразумеўшы такi жэст, ухапiў сябра за ногi. Наперадзе, мэтрах у трох ад берага, i папраўдзе штосьцi бялела. Лябёдка ўвайшоў на руках у ваду, замер на iмгненьне, усё адно як той кабан, раскусiўшы яблык, потым зноўку чхнуў i паехаў на руках, сьлiзгаючы далонямi коўзкiм дне. Iван паспрабаваў выцягнуць сябра на бераг, пры гэтым наступiў на вяроўку, i сябра, пусьцiўшы бурбалкi, адчаўна ўдарыў яго пяткай у пахвiну. Ад удару пацямнела ўваччу, падкасiлiся ногi, i цяпер ужо Iван, пасьлiзнуўшыся, з усяго маху абрынуўся ў Ловаць.
