
Iван, слухаючы ўсё гэта, гатовы быў скрозь зямлю правалiцца. Ён ужо i ня рады быў, што пацёгся зь Лябёдкам у сталоўку, i, перакiдваючы з рукi на руку брынклiвую валiзу, кiдаў дакорлiвыя позiркi на шырозную Лябёдкаву сьпiну.
Пятроўна ляснула дзеля прылiку косткамi лiчыльнiкаў, з усьмешкаю на перакошаным твары прамовiла:
- Два шэсьцьдзесят... наведнiкi.
- Дзьве скумбрыны i чатыры хлеба, - усё тым жа афiцыйным тонам прасiпеў Лябёдка, пашнарыў па кiшэнях i, зьвяртаючыся да да Iвана, прабачальным голасам запытаў: - У цябе пару рваных ня знойдзецца?
Iван зь Лябёдкам расьлi бязбацькавiчамi. Iван свайго бацьку толькi на фотаздымку бачыў, а Лябёдкаў бацька, калi сын яшчэ i ў школу не хадзiў, завэрбаваўся па аргнаборы ў Карэлiю, i яго там, нецьвярозага, забiла на лесапавале. Бязбацькавiчы, як вядома - тыя ж браты. Iван мiнулым часам цэлымi соднямi прападаў у кiнабудцы. У карты граў, кружэлкi круцiў на клюбнай радыёле, а вечарамi стужкi перамотваў ды фiльмы глядзеў праз адтулiну. Праўда, калi Лябёдка бываў не ў гуморы - з бадуна, цi калi з Мандрычыхай палаецца, дык мог свайму "брату" i па карку заехаць, а то, згадаўшы саратаўскую вучэбку, у якой служыў у войску, мог загадаць разоў сорак ад падлогi адцiснуцца. I вось, сядаючы за стол у куце сталоўкi i адчуваючы, што настрой Лябёдкавы канчаткова сапсаваны, Iван з насьцярогаю пакасiўся на сваю былую аднаклясьнiцу.
"Стралецкая" - настойка на дзiва паганая. Яе глытаеш, а яна назад лезе...
Кульнуўшы па першай, хлопцы скрывiлiся, пусьцiлi пад ногi згуслую сьлiну i з драпежным выглядам на тварах сталi зьдзiраць зубамi скуру зь перасохлых рыбiн.
Пару хвiлiнаў яны сядзелi моўчкi, грызьлi каляную рыбу, аж пакуль Лябёдка не пацягнуўся за бутэлькай i, налiваючы па другой, не працадзiў:
- Яны яшчэ пашкадуюць...
Налiў сабе Лябёдка ў два разы болей, чым сябру, i пад пiльным Iванавым позiркам трунак улiўся ў ягонае нутро нат не зварухнуўшы коўцiка.
- Два разы вымпэл атрымлiвалi... Курва гэтая, Мандрычыха, на сэмiнары езьдзiла. А безь мяне... раз на тыдзень круцяць, i стужка праз мэтар iрвецца. - Былы кiнамэханiк выплюнуў на падлогу рыбiну луску, выцягнуў з кiшэнi пачак "Беламору".
