
- А хто круцiць? - пацiкавiўся Iван, мерачыся запусьцiць пальцы ў пачак з куравам.
- Як хто - Мандрычыха!
- Мандрычыха?! - а яна ўмее?
Былы кiнамэханiк чыркнуў запалкаю, паднёс да папяросы, i жоўты вогнiк зь вясёлым iмпэтам мiльгануў у ягоных вачах.
- Мiшка Бадуноў круцiць. А яна так... ажыцьцяўляе агульнае кiраўнiцтва. Лябёдка зацягнуўся папяросай, з шумам выпусьцiў дым, i той паволi паплыў у бок вакенца раздачы.
- Мiшка ж непаўналетак, дык яна да Даўгалёва езьдзiла, дамаўлялася. Казалi, пляшку белай ставiла. Ну i дамовiлася, старая курва. Палову стаўкi сабе забiрае, а палову Бадунiсе аддае.
За сьценкаю зноўку штосьцi грукнула, палiлася вада, i пачуўся зычны голас Пятроўны:
- Хопiць смалiць! Не ў хляве!
Яшчэ празь iмгненьне ў пройме раздатачнага вакенца мiльгануў раззлаваны твар Пятроўны, вакенца зачынiлася, i загадчыца, ужо прыглушаным голасам, дадала:
- Закругляйцеся. Хутка зачыняць буду.
Шызы дым, якi дагэтуль плыў у вакенца, папоўз па сьцяне, ахутаў шыльду зь нязграбным надпiсам "У нас не курят".
- Задзяўбла, - прашаптаў Лябёдка, затушыў аб нутраны бок стала папяросiну i, падвысiўшы голас, выдыхнуў: - Куды зачыняцца?! Сталоўка да сямi працуе!
- Да дваццацi сямi! - крыкнула за сьценкаю Пятроўна, пасьля чаго Лябёдка хiтнуў галавой i пацягнуўся за бутэлькаю.
Рэшткi "Стралецкай" былi разьлiтыя пароўну.
- Азярышчанцы казалi - Даўгалёў ня ведае, што й рабiць. Кiнамэханiкi ж на дарозе не валяюцца! Ня сёньня-заўтра папросiць заяву напiсаць. Толькi во яму! - Лябёдка ляпнуў даланёй левай рукi па выстаўленай правай i падняў шклянку.
- Люська! Чаго ты тут мацюкi слухаеш?! Iдзi дахаты! - азвалася за сьценкаю Пятроўна, i Люська, захлопнуўшы кнiгу, без асаблiвай ахвоты падалася да вешалкi.
