
- Пятроўна, куды ж яна?! Хай пачакае... я ж папраўдзе жанiцца хачу! жартаўлiва заенчыў Лябёдка, а Люська, зьняўшы зь вешалкi палiто, крутнула пальцам ля скронi.
- У каго, у цябе? - крыкнуў увасьлед дзяўчыне былы кiнамэханiк, але тая не пачула - выбегла на двор.
Ад дзьвярэй павеяла халадэчай. Ачуўшыся, Iван пацёр лабешнiк, п'янавата ўтаропiўся ў супольнiка. Ад выпiтага кружылася галава, у вушах шумела i ён зусiм ня цямiў - пра што вёў гаворку сябра.
- У труне я бачыў гэты кiнапракат! - гукаў суразмоўнiк, раз-пораз пляскаючы даланёй па валiзе. У валiзе пры гэтым штосьцi бразгала. - Як захачу, дык буду мець болей, чым той Даўгалёў... з усёй яго канторай. - Слова "кантора" былы кiнамэханiк вымавiў зусiм цiха i, увабраўшы голаў у плечы, зiрнуў у бок прылаўка.
- Давайце, п'янтосы... зачыняць буду! У мяне карова целiцца, - азвалася з кухонных нетраў Пятроўна, i Лябёдка ад таго воклiчу перакрывiўся як ад зубнога болю.
- Каб ты сама ацялiлася, - працадзiў скрозь зубы былы кiнамэханiк, паныла глянуў на пустую пляшку i нечакана для Iвана ляпнуў яго па сьпiне. - Ваня-а! Сябрук! Хочаш, заўтра ж паедзем. Пакажу табе, як грошы робяцца. А? Ваня-а!
Iван кiсла пасьмiхнуўся, узьняў на прыяцеля ашклянелыя вочы.
- Як гэта? - выдыхнуў ён, не даючы веры Лябёдкавым словам.
- Пабачыш... Ва Ўсьвяцкi раён паедзем, у Вялiкарусiю, - Лябёдка разьвёў рукамi, зьбiраючыся, пэўна, паказаць, як ён будзе зарабляць грошы, i ў гэты момант сталоўка панурылася ў цемру. - Што гэта? - зьдзiўлена прамармытаў Лябёдка, рыпнуўшы крэслам, а зразумеўшы ў чым справа, абурана гаркнуў: Пятроўна! Харэ барзець! Уключы!
Пятроўна затупала на кухнi, потым яе шырокая постаць акрэсьлiлася ля прылаўка i, бразнуўшы ключамi, загадчыца сталоўкi коратка i рашуча загадала:
- Усё! Выкульвайцеся!
... На двары было цёмна, над галавой зьзялi зоркi, i Iван, азiрнуўшы азоранае неба, шчыра зьдзiвiўся: чаму ён ня бачыў гэтых зорак там, у Баранавiчах? Дыхнуўшы парай, хлопец абтрэс апошнiя кроплi i прыслухаўся. За сьпiнаю чулася гучнае цурчэньне.
