- Апошнi раз заяўляю: калi i цяпер не скажаце, - спачатку страляю яго (гiтлеравец паказаў на Марцiна Лагуту). А тады - усiм капут!

Натоўп маўчаў. Фашыст махнуў рукой, бухнуў стрэл, i Марцiн Лагута ўпаў мёртвы. Пархвен уздрыгануўся.

- Апошнi раз заяўляю! - зноў крычыць гiтлеравец.

Божа! Лiтасцiвы! Яны ўсiх зараз заб'юць. I Рамана, i Кастэцкага, i Костусь ляжа, i ўсе яны - мiлыя, любыя сябры, браты, таварышы. Як жа ратаваць iх? Вось дзе пакута!

- I калi не скажаце, хто забiў... - iрве вушы нямецкi голас... Хвiлiна маўчання i...

- Гэта я забiў! - пачуўся раптам Пархвенаў голас.

Тут рух адбыўся сярод немцаў.

- Ну, iдзi!

Рад - няволя, а iсцi трэба. Пархвен выйшаў з натоўпу, i два немцы сталi паабапал яго. Каманда аўтаматчыкам, i яны пайшлi ў вулiцу. Натоўп загуў i заварушыўся. Пархвен бачыў перад сабою лес i над iм сонца. Ужо яно не ляжыць больш на дубе. Ужо i Марылi няма, i яе сынка няма, i каваля - хто ведае, што з iм! I Галаскi пустыя, i пацукi там з палiц хвасты пазвешвалi... I тут Пархвен крыкнуў, iдучы:

- Чаго ж вы стаiце, местачкоўцы? Ратуйце свае галовы!

- Чуем! - пачуў Пархвен голас ужо дзесьцi з агародаў. Ён скоса азiрнуўся i бачыў, як людзi па адным мiльгацелi ўжо за мястэчкам. Натоўпу даўно ўжо не было на вулiцы. ("А я крычу!") Як яго ўводзiлi ў двор каменданцкага дома, ён убачыў, як тая ўжо знаёмая яму жабрачка iдзе агародамi з торбамi i з кiем. Змрокам таго дня ён стаяў пасярод вялiкага пакоя ў тым доме, дзе жыў камендант. Твар яго быў у крывi, адзежа вiсела на iм шматкамi, у вуха яго была ўстаўлена з паперы труба, i ў яе немец крычаў:

- Не ты забiў! Гавары, нашто бярэш на сябе вiну?!

Крык за сценамi можа сотнi галасоў перарваў немца. Людзi ўварвалiся ў дом i ў гэты пакой. Следчы гiтлеравец спалатнеў, закалацiўся i падняў рукi ўгару. За мястэчкам стральба чутна была да самай ранiцы.

Месяц у тую ноч змеркнуў позна, ужо ружавела неба на ўсходзе.



16 из 17