Божа, як марудна, канца няма, але раптам гром, грукат, стукат, бразгат, i ўстанавiлася цiшыня. Шчасце! Палавiна страчанага жыцця вярнулася да чалавека. Каб так кожную ноч! Але ж лома няма. З рэйкай ён уплыў у балота. У мястэчку, у зяця, у каваля, два ламы былi, ляжалi ў прыбудоўцы к сенцам. А што каб цiхом пайсцi i ўзяць да наступнай ночы? Як бы там нi было - трэба хутчэй даваць адгэтуль ходу. Сонца ўжо застала яго каля Галаскоў. Па той бок рэчкi мястэчка вiдно было яму выразна. Ён падумаў: напэўна, i мястэчка абязлюдзела. Чаму там так цiха i нiякага руху? Нацянькi ён рушыў проста да кавалёвага дома. I як толькi апынуўся ля шула кавалёвай брамы, убачыў: ён вельмi неасцярожны - проста перад iм усю вулiцу акiдае позiркам немец. Ён кiўком пальца паклiкаў да сябе Пархвена. I калi той ступiў тры крокi, гiтлеравец крыкнуў i паказаў яму пальцам, куды iсцi. Пархвен цiха рушыў да вялiкага натоўпу, якi нерухома i маўклiва займаў усю вулiцу. Пархвен бачыў, як стаяць местачкоўцы. Чаго яны так пасталi тут? Унь стаiць муляр Костусь, а унь Юрась-мельнiк, Раман-шавец. Унь настаўнiк, у якога яшчэ вучылася Марыля. (Божа мой, дзе яна!) Унь стаiць Тамаш Васiлюк, той самы, што ў юнацкiх гадах вельмi сябраваў з iм, Пархвенам. Унь Васiль Сцяпуцкi, якi разам з Пархвенам калiсьцi хадзiў у заработкi. Унь Янук Кастэцкi, дачка якога Ганнуся дружыла з Марыляй. Усе стаяць. I Раман Шабуня, i Змiтрок Ярмалiцкi, i Канстанцiн Шкуцька, i Мiкалай Цвiркевiч... Пархвен стаў, не дайшоўшы да натоўпу. Тут нямецкi крык загадаў яму ўвайсцi ў натоўп. I толькi ў гэтую апошнюю хвiлiну Пархвен заўважыў, што аўтаматчыкi трымалi наведзены на натоўп цэлы рад аўтаматаў. I ў гэты момант як бы нейк загаўкаў прарэзлiвы i крыклiвы гiтлеравец:

- Чацвёрты раз заяўляю: калi зараз жа не будзе сказана, хто забiў афiцэра сельскай гаспадаркi Пфайфеля, аўтаматчыкi расстраляюць адным залпам усiх да аднаго!

Тут Пархвен убачыў, як наводшыбе ад усiх чамусьцi стаiць Марцiн Лагута. Натоўп не зварухнуўся. I зноў нямецкi галасiна:



15 из 17