Бачыш, якi жолуд! Зялёны з жоўтым. Бо можа табе суджана жыць у гэтай маёй хаце. Хата яшчэ здаровая, а ты ў мяне адзiн. Каму ж хата пасля мяне будзе, як не табе? Можа ты ў вялiкiм дзе свеце апынешся, як вырасцеш. А дуб сабе будзе на гэтым самым месцы расцi, i кожны год жалуды з яго будуць падаць, i табе будзе здавацца, што ты дайшоў ужо да такога месца на свеце, без якога i свет не свет, i людзi не людзi, а тым часам сонца кожны дзень, калi будзе заканчваць сваю дзённую дарогу, прысядзе адпачыць на гэты дуб, а не на тваю галаву, хоць яна i залатая была б. Дык ты i падумаеш, калi чалавекам будзеш, што i дзяды i прадзеды ў цябе былi, i там, дзе яны жылi, сонца на дрэвах бывае кожны дзень... Бачыш унь? Жолуд упаў!

Ён так разгаварыўся, што нават гаварыў, калi ў хату ўвайшоў. Так з iм бывала цяпер. У гэты свой час ён думаў, што можа мала песцiў i шкадаваў сваю Марылю, а калi гора яе спасцiгне, то што яна добрага ўспомнiць са свайго маленства?

- А ты ж не даваў ёй нават у печы палiць, а рабiў гэта сам, калi яна была ўжо вялiкая, - сказалi яму, калi ён пачаў раз гаварыць аб сваёй Марылi.

- I добра рабiў, што не даваў, хоць выгулялася дзеўка, - адказаў ён.

I дзiўна было людзям бачыць дробнага ростам Пархвена Катлубовiча, якi стаяў ужо на парозе сваёй старасцi i так клапацiўся аб сваёй Марылi, якая жыла асобна, мела сваю сям'ю, ростам, размахам плячэй, даўжынёй рук i сiлай была падобна на здаровага мужчыну i мела са сваiм кавалём багатую дамоўку.

Аднойчы Пархвен Катлубовiч захаладзiўся, пакашлiваў, i яму здалося, што прыйшла нейкая бяда. Ён лёг на ложак, каб адляжацца ад хваробы, i наказаў праз людзей Марылi, што захварэў. Таго ж дня падвечар Марыля, як бура, уляцела ў хату, а за ёю ўвайшоў яе каваль. Зяць закурыў, седзячы каля Пархвена, а Марыля падмяла хату, памыла вокны i мiскi i пагаварыла з бацькам. I яму стала лепш.

- Заўтра, Марылька, я буду здароў, не прыходзь, - сказаў ён, а сам сабе падумаў: "Заўтра сёе-тое яшчэ мне пабалiць, а паслязаўтра ўжо ўсё пройдзе".



3 из 17