Назаўтра ён, як i заўсёды, устаў нацямочку i да падвячорка спускаў сухастой у лесе, а першым прыцемкам сядзеў на прызбе i глядзеў, як апошняе сонечнае праменне ляжыць на дубовай вяршалiне, а ўвесь агарод пад дубам агортваецца вечарам. Адбывалася i яшчэ многа важнага i патрэбнага: за Галаскамi пракрычала балотная птушка, з шашы доўга чуўся грузавы аўтамабiль, запахла роснаю травою, i неба за агародамi цьмела, зламаная саломiна гойдалася на браме: узнiмаўся нанач вецер. "Вось я i здаровы", - думаў Пархвен, хоць i сам не ведаў, чаму якраз з гэтай хвiлiны ён стаў здаровы, а, кладучыся спаць, думаў, што ён жыве адзiн, i што прыйшла старасць, i што ён у сваiм жыццi занадта мала зрабiў для сваёй Марылi. "Ну, што ж, няхай ужо са сваiм кавалём там як-небудзь", - суцешыў ён сябе, нарэшце, i заснуў да самай ранiцы на доўгую вераснёўскую ноч. Усю тую восень, а пасля зiму i вясну ён пражыў з нейкiм цьмяным адчуваннем, што прыйшла старасць, i што ўжо скончаны яго вялiкiя справы, i што трэба ўжо толькi дажываць веку, i невядомая раней горыч прыйшла да яго. "Я толькi i зрабiў, што пабiўся з пеўнем", - падумаў ён раз. Але суджана яму было вельмi хутка адцурацца гэтых думак, як самай брыдкай непатрэбшчыны. Прыйшла пара гора i думак толькi аб тым, што навiсла над душой i перад чым ранейшыя клопаты i гора сталi дробнай забаўкай. Вось дзе была праўда, вялiкая i горкая: жылося, былося i прычакалася. Дзеля чаго ж так добра было жыць, калi да такога канца дайшло? Вось калi смутак сапраўдным болем разануў душу аб тым, што Марыля не так многа мела шчасця ў мiнулым i ўжо не можа ўспамiнамi заглушыць сваей беспрасветнасцi. Як яна зблажэла! Страшна стала глядзець, якая яна высокая! I твар яе ўчарнеў за тры днi. Асталася яна адна як ёсць i вярнулася назад да яго i жыве ў роднай хаце. Але гэта ўжо не была тая Марыля, якую ён гадаваў i шкадаваў. Гэта была ўжо пажылая жанчына, праз жыццё якой прайшоў добры чалавек, каваль з зарэчнага мястэчка, i сын, якому iшоў ужо чацвёрты год.



4 из 17