Пачуўшы пра гэта, я ня стаў асаблiва пярэчыць. Мне, па шчырасьцi, да апошняй хвiлiны ня верылася, што выданьне маёй кнiгi ўвогуле магчыма). Чаму гэта ўзгадваю? Я па сёньняшнi дзень не магу даць веры, што ўвайшоў у лiтаратуру разам з Анатолем Сысам, прынамсi, нашыя першыя кнiгi выйшлi ў адзiн год. Мне ўсё яшчэ здаецца, што Анатоль, як мiнiмум, з пакаленьня Галубовiча, або Шнiпа. Бо ў нейкiм сэнсе ён быў для мяне настаўнiкам.

Аб новай лiтаратурнай суполцы, якую зьбiраецца ствараць лiтмоладзь, я пачуў ад Сыса. Адразу пасьля нашай першай сустрэчы ён пачаў апекавацца мной. Увесь час прасiў прыносiць новыя вершы. Я прыходзiў да яго ў iнтэрнат (ён тады працаваў на тэлевiзii й меў ад працы пакойчык). Сыс тэатральна чытаў мае вучнёўскiя спробы-вэрсiфiкацыi i гэтак жа тэатральна iх пляжыў, не пакiдаючы нават кволай надзеi. Але, напрыканцы свайго разбору прасiў прыносiць вершы яшчэ. Ня ведаю, цi пiў ён тады, як п'е зараз. На колькi памятаю, у тыя гады я нiводнага разу ня ўдзельнiчаў з Сысам у справе спажываньня алькаголю. Прычым, сустракаўся зь iм амаль штотыдня, бачыў Толiка й на падпiтку, але ў большасьцi выпадкаў Сыс мне трапляўся цьвярозы. Сёлета Леанiд Галубовiч напiсаў артыкул пра Сыса для "Нашай Свабоды" (25.07.2000), у газэце зьмешчаны фотаздымак, на якiм Сыс i я. Падпiсана, што зьнята ў 1990 годзе. На самой справе гэта здымак 1986 году, яшчэ "перадтутэйшаўскага" часу.

У 80-х я вучыўся ў "наргасе", але жыў у бацькоў у Жодыне й штодня езьдзiў на заняткi электрычкай. На другiм цi трэцiм курсе ў мяне здарыўся канфлiкт з дэканам, i той загадаў не даваць "наглецу" месца ў iнтэрнаце - прыйшлося да сканчэньня ВНУ дабiрацца на заняткi чыгункай. Лiсты да мяне iшлi на бацькоўскi адрас. 12 лютага 1987 году я атрымаў па пошце дзiўнае, таямнiчае запрашэньне. На кальцы было надрукавана: "у 19.00 Нядзеляй, 15 лютага, па вул. Акадэмiчная, 3, п.32 (дакумэнты здаваць на Каплiча Валерыя) адбудзецца чарговая сустрэча лiтаратурнай суполкi Тутэйшыя. Першым пытаньнем - чытаньне i разгляд драмы Я.Купалы "Тутэйшыя". Другiм - абмеркаваньне вершаў новага сябры Тутэйшых. Трэцьцiм пытаньнем - праблемы Тутэйшых. ТУТЭЙШЫ"



3 из 17