Я, канечне, паехаў. Хаця, прызнаюся, хваляваўся. Ва ўсiм гэтым "свавольстве", вiдавочна, прысутнiчала рызыка. Але цешыла тое, што мне давяраюць, мяне лiчаць вартым гэтае рызыкi.

Кожнаму сябру суполкi заўсёды паведамлялi ў запрашэньнi, на каго трэба здаваць на вахце дакумэнты, бо вольна ў асьпiранцкi iнтэрнат, як i ў любы студэнцкi, не пускалi. Пазначалi розных людзей - нельга было "сьвяцiцца" i паказваць, што ўсе прыйшлi па адной справе, у адзiн пакой, да аднаго чалавека. Кансьпiрацыя. Я i сёньня ня ведаю, хто такi Валера Каплiч, да якога я хадзiў на Акадэмiчную, 3.

Зь першага паседжаньня запомнiлiся тры чалавекi: Сяргей Харэўскi, Мiхась Талочка i Iгар Бабкоў. Вёў паседжаньне Бяляцкi. Афiцыйна, ледзь не па пратаколу. Высьветлiлася, што хлопцы ўжо назвалiся "Тутэйшымi", аднак Нiл Сымонавiч Гiлевiч, пачуўшы пра гэта, iх моцна раскрытыкаваў i параiў прачытаць аднайменную п'есу Янкi Купалы. Памятаю, што на паседжаньнi чыталi п'есу па нейкай старой кнiзе, бо гэты твор на той час быў яшчэ забаронены цэнзурай i ад 20-х гадоў не перавыдаваўся. Харэўскi запомнiўся вопраткай: чорны плашч, капялюш - рыхтык агент выведкi з замежнага фiльму. Паводзiў сябе сур'ёзна, i вёў выключна "канцэптуальныя" гутаркi. Сыс называў яго "французам".

У капелюшы хадзiў i Талочка. Пазьней я неаднаразова спрабаваў даведацца ў сяброў суполкi: што пiша гэты Талочка, i цi пiша ён ўвогуле? Усе ў адказ пацiскалi плячыма. Талочка быў супрацьлегласьцю Харэўскаму - балаболiў абы што, хахмiў, рагатаў i сваволiў. Прычым, завiхаўся пераважна вакол Сыса. Я быў хлопцам сур'ёзным i такiя людзi мне не пасавалi.

Бабкоў запомнiўся зь iншай нагоды: ён аказаўся тым новым сябрам "Тутэйшых", якого мусiлi, пасьля абмеркаваньня ягоных вершаў, прыняць у суполку.



4 из 17