Гэта было камэдыйнае супрацьстаяньне. I зараз цяжка патлумачыць, за што памiж сабой змагалiся гэтыя два лiдэры - адносiны мiж iмi часам межавалi з мардабоем. Рэч ў тым, што нiхто зь iх не прэтэндаваў на кiраўнiцтва "Тутэйшымi", безальтэрнатыўным кiраўнiком быў Бяляцкi. Кожны з супернiкаў меў ўласныя перакананьнi й свае каманды падтрымкi, у нейкiм сэнсе, гэта было "iдэалягiчнае" супрацьстаяньне. Сыс узначальваў "патрыётаў", Глёбус "касмапалiтаў". Прыхiльнiкi Сыса называлi гурт апанэнтаў (Клiмковiч, Шайбак, Сьцяпан, Сiўчыкаў) "глябусятнiкам". Сыс часта патасна казаў пра любоў да Радзiмы, пра змаганьне за Беларусь. Глёбус - пра прагматычныя рэчы (трэба пiсаць дэтэктывы, маляваць комiксы, ствараць мас-культуру). На паседжаньнi 21 лютага памiж Сысам i Глёбусам усчалася сварка наконт "Манiхвэста "Тутэйшых". Вядома, Сыс патрабаваў больш радыкальнага зьместу. На гэтым паседжаньнi ўпершыню ўбачыў Алега Мiнкiна (ён чытаў "тутэйшаўцам" свае вершы) i пазнаёмiўся зь Сяргеем Кавалёвым. На паседжаньнi трымаўся разам з Паўлам Дзьмiтруком, зь якiм пасябраваў на "чырвоназьменаўскiх" "Крынiцах".

Наступнае паседжаньне адбылося 14 сакавiка. У мяне захавалася запрашэньне: "у 19.00, суботай, 14 сакавiка, у Доме лiтаратара (уваход збоку) адбудзецца чарговая сустрэча лiтаратурнай суполкi ТУТЭЙШЫЯ. Першым пытаньнем - Беларуская мова - праблемы разьвiцьця. Другiм - абмеркаваньне вершаў А.Сыса i А.Глёбуса. Трэцьцiм пытаньнем - праблемы Тутэйшых. 9.III.87 г. Менск". Гэтае паседжаньне вёў Кавалёў.

Зь лекцыяй пра мову выступiў Вiнцук Вячорка. Ня цяжка здагадацца, што ён казаў пра сучасную "кастрыраваную" бел. мову, пра патрэбу вяртаньня старога правапiсу, "тарашкевiцы". Як чакалася, шмат эмоцыяў выклiкала абмеркаваньне вершаў Сыса й Глёбуса. Чальцы кожнай "каманды" ганiлi супернiка й хвалiлi свайго лiдэра. Сыс называў паэзiю Глёбуса "гудронам" - ён падзяляў вершы на "духовыя" й "недуховыя" (тут, вiдавочна, адчувалася "школа" Бембеля). Мне асабiста падабалiся вершы абодвух. Я нават нешта сказаў у абарону Глёбуса, нешта пра патрэбу гарадзкой паэзii.



6 из 17