(Тут у мяне ўзьнiкае пытаньне: якiм чынам быў прыняты ў "Тутэйшыя" я? Мая творчасьць пры ўступленьнi калектыўна не абмяркоўвалася. Напэўна, падзейнiчала Сысаўская рэкамэндацыя). Бабкова прадстаўляў Бяляцкi. Новы сябар суполкi чытаў дзiўныя, мэдытацыйныя вершы. Сыс катэгарычна iх не ўспрымаў, называў "шызоiдамi". Бяляцкi спрачаўся й некалькi разоў тлумачыў Сысу, чаму ён лiчыць гэтыя вершы "файнымi". "Беларускай паэзii, - казаў ён, - не хапае мадэрновых, эўрапейскiх твораў". Бабкоў трымаўся сьцiпла, вiдавочна, хваляваўся; здаецца, i не спрабаваў баранiцца.

Але спачатку абмяркоўвалi назоў суполкi. Прачытаўшы некалькi значных урыўкаў з драмы Купалы (бо, каб прачытаць усю драму, бракавала часу), пачалi абмен думкамi. Для мяне гэта было ўсё ў навiну, бо я ня быў яшчэ дасьвечаным у дэталях беларускага нацпытаньня, i нават пра п'есу "Тутэйшыя" чуў упершыню. Нiякай спрэчкi, здаецца, i не было. Усе шукалi аргумэнты дзеля апраўданьня назову. Гучала некалькi вэрсiяў: "Беларусi пакуль няма, таму й беларусаў няма, ёсьць толькi тутэйшыя, а мы iх частка". Гучала i такая вэрсiя: "Будзем называцца "тутэйшымi", каб нават сваiм назовам цьвялiць сумленьне беларусаў".

Памятаю, што на паседжаньнi я сядзеў побач з Алесем Косткам, былым "парнатаўцам", якi ў той час уваходзiў у актыў "Талакi". Наведаў паседжаньне й Генiк Лойка, аднаклясьнiк i сябар Косткi; тады ён служыў у войску ў Менску й неяк здолеў, няхай i са спазьненьнем, патрапiць на гiстарычнае паседжаньне. Ня ведаю, цi пiсалi тады што-небудзь Костка з Лойкам, бадай што не - наведвалi лiтсуполку, напэўна, як "сьвядомыя" хлопцы, так бы мовiць, дзеля ўмацаваньня нацыянальнага духу сярод "тутэйшаўцаў".

Вядома, у Жодынь я не паехаў, спазьнiўся на апошнюю электычку, начаваў у Сыса. Анатоль зноў тэатральна, уголас чытаў мае вершы. Але гэтым разам ухвалiў некалькi, сярод iх, здаецца, "Здраднiка" i "Пушча. Совы".

21 лютага адбылося першае паседжаньне "Тутэйшых" пад дахам Дома лiтаратара. З гэтага паседжаньня й пачалося тое, аб чым сказаў у сваiм iнтэрвiю Вiтаўт Чаропка ("Крынiца", No4-5, 2000): "(...) у "Тутэйшых" я быў назiральнiкам, як Глёбус сварыўся з Сысам, кожны бок ведаў, як i што пiсаць, i даводзiў сваю рацыю".



5 из 17