
Праўда, пачатак быў цiкавым. Музычным. Перад тутэйшымi выступiў Сяргей Сокалаў. Сьпяваў свае песьнi, чытаў вершы, адказваў на пытаньнi. Было цiкава, тым больш, што я чуў яго ўпершыню.
Аднак у другiм акце пачалося! Сыс сашчапiўся з Глёбусам i Шэляговiчам. Шэляговiч супраць моўнага пункту тутэйшых - размаўляць выключна па-беларуску. Глёбус выказаў цiкавую прапанову - стварыць пры Саюзе пiсьменьнiкаў маладзёвую сэкцыю. Ён нават падрыхтаваў лiст да Гiлевiча. Зь iм не пагаджаюцца - кажуць, гэта стварэньне другога "карыта".
Потым разглядалi навэлу Сьцяпана. Iзноў Сыс усё адмаўляе. Калi з моўным пытаньнем я падтрымлiваю Анатоля, дык тут ня вытрымаў. Спробы ў прозе Глёбуса й Сьцяпана мне сымпатычныя. Магчыма, ня ўсё атрымлiваецца, але хлопцы стараюцца. Я разышоўся й прабраў Сыса за яго ўсеагульнае адмаўленьне. Якi гэта будзе сум, калi ўсе пачнуць пiсаць накшталт яго. Гэта толькi пашкодзiць натуральнаму разьвiцьцю беларускай лiтаратуры. Здаецца, мае словы падзейнiчалi. Скончылi паседжаньне бязь пены на губах".
Такiм чынам, выглядае, што я таксама падтрымлiваў iдэю стварэньня маладзёвай сэкцыi пры СП. На той час, калi нават у п'яным трызьненьнi нiхто ня мог уявiць, што раптам абрынецца СССР, i Беларусь атрымае незалежнасьць, прапанова Глёбуса, вiдавочна, была слушнай. Але ў 90-х гадох я ўжо зусiм iначай глядзеў на СП i сяброўства ў iм.
Наступнае паседжаньне "Тутэйшых" адбылося 25.04.1987 г. Вось зьмест запрашэньня: "У суботу, 25 красавiка, а палове сёмай (18.30), адбудзецца паседжаньне маладых лiтаратараў у Доме лiтаратара (уваход збоку). Пытаньнi: 1. Мова i лiтаратура (тэндэнцыi разьвiцьця); 2. Разгляд творчасьцi сяброў лiтаб'яданьня "Узьлёт" (унiвэрсытэт). Шчыра запрашаем".
Адносна гэтага паседжаньня ў маiм дзёньнiку няма анiякiх запiсаў, напэўна, я на iм ня быў. Таму адразу пераходзiм да паседжаньня 4 красавiка. Запрашэньня ў мяне не захавалася, затое ёсьць запiсы ў дзёньнiку. На паседжаньнi разглядалi апавяданьнi Мiхася Талочкi й Максiма Клiмковiча. Сьвежыя ўражаньнi ад таго паседжаньня я выклаў у лiсьце да Галубовiча за 6.04.87: "Нарэшце, усталявалася працоўная атмасфэра, бяз кпiнаў i абразаў. Спачатку разгледзелi апавяданьнi М.Талочкi й М.Клiмковiча. Абмеркавалi. Абодва працуюць у нетрадыцыйным рэчышчы. Клiмковiч у плынi Глёбуса. Талочку цяжка вызначыць Гарэцкi з дабаўкай сучасных рэалiй.
