А пару месяцаў таму, перад майскiмi сьвятамi, над гэтымi мясьцiнамi генэрал Карзо пралятаў. Той самы Карзо, якi ў вайну "Няўмольнымi" камандаваў. Генэрала перад тым у Вярхоўны Савет абралi, вось ён i паляцеў на вайсковым вэрталёце сваю акругу агледзець. Пабачыў былы партызан, што зямлiца, за якую ён кроў пралiваў, пустазельлем пазарастала, i нават мацюкнуўся ад абурэньня. А неўзабаве ў небе над Гатавым самалёт зьявiўся. Кукурузьнiк сельгасавiяцыi. Цэлы дзень лётаў ды нейкую халеру сыпаў. Ад той халеры зь яблынь квецень асыпалася, камары ды мухi зьвялiся, а ў бухгальтаркi Крыштаповiч сабака акалеў, дохлымi мышамi аб'еўшыся. Але затое i алешнiк ляснуўся. Ссох увесь дарэшты - анiводнага зялёнага лiсьцiка не засталося.

У гэтыя ссохлыя нетры i занурыўся Iван i добрую хвiлiну стаяў там у нерухомасьцi, скiраваўшы напорлiвы струмок на куст перасохлай брызглiны. Высока ў небе сьпявалi птушкi, выў пад гарою аўтобус, шапацела пад напорлiвым струмком сухое лiсьце, а душа поўнiлася спакоем i развагаю. Але новыя зыкi, што нарадзiлiся за сьпiнаю, прымусiлi схамянуцца i таропка зашпiлiць нагавiцы. Там, за сьпiнаю, затрашчала ламачча, пачуўся дзявочы голас:

- Куды ты пабег, нягоднiк? - i Йван, якому зусiм не выпадала сустракацца зь дзяўчынаю ў такiм нязручным месцы, сьпехам прыхаваўся за куст.

Дзяўчына бегла, спрытна пераскокваючы праз лаўжы, i, вiдаць, так i не заўважыла б Iвана, калi б сам ён не заварушыўся ў кустах, зьбiваючы з лобу пякучых лясных мурашоў.

- А-а... гэта вы... - пралепятала прыгажуня, згледзеўшы скурчаную Iванаву постаць, сарамлiва адвяла вочы, пабегла, чапляючыся караценькай спаднiцай за альховыя галiны, а Iван, вылезшы з мурашнiку, шчыра пашкадаваў, што ня можа правалiцца скрозь зямлю, ратуючыся ад ганьбы.

Ён выцягнуў з кустоў валiзу, страсянуў, спраўджваючы, цi не пабiлiся купленыя ў Вiцебску чатыры пляшкi вiна, i ў той самы мiг адчуў, як штосьцi цёплае i мяккае кранулася пяткi. Гэта кот Маркiз, наставiўшы хвост дудой, цёрся пысай аб ягоны чаравiк, прымусiўшы Iвана спачатку пудлiва падскочыць, потым аддзьмуцца i, нарэшце, падхапiць ката пад пахi i зь вясёлым адчаем рушыць на дарогу.



13 из 48