
Дзiўныя рэчы чынiлiся з Iванам. Дагэтуль ён аббягаў дзяўчын за кiлямэтар, а тут выйшаў на прасёлак, прычакаў, калi прыгажуня выйдзе з кустоў, i, не зьмiргнуўшы вокам, уручыў ёй вуркатлiвага ўлюбёнца.
Дзяўчына ўзяла ката, кiўком галавы падзякавала Iвану, а хлопец, якому праглася новых подзьвiгаў, скiраваў хаду да таўшчэзнай сумкi, што стаяла пры дарозе.
- Ой, што вы... Зараз дзядзька Коля прыедзе... Мама з жанчынамi на вёску пайшла... - пралепятала дзяўчына, але Iван быў няўмольным.
Ён падышоў да сумкi, ухапiўся за ручкi i, адарваўшы сумку ад зямлi, пашкадаваў аб сваiм учынку. Сумка, якую ён наважыўся паднесьцi, важыла ня меней, як два пуды.
- А вы што... у Гатаве жывяце? - запыталася дзяўчына, калi Iван, хiстаючыся i керхаючы, зрабiў колькi крокаў.
Крыўднейшае пытаньне цяжка было i прыдумаць. Iван панурыў вочы, выпусьцiў з рук сваю пашарпаную валiзу, потым сумку i з рашучасьцю ў голасе выдыхнуў:
- У Баранавiчах, Берасьцейскай вобласьцi. - Пасьля чаго абабiў нагавiцы i акрыялым голасам дадаў: - Хутка вобласьць да нас перанясуць. Берасьце да мяжы блiзка.
Ён хацеў яшчэ сказаць, што ў Баранавiчах хутка пусьцяць тралейбус, але дзяўчына войкнула i паказала пальцам на валiзу. У паветры запахла сьпiртным, а жоўты пясок пад валiзаю набрыняў чырвоным вiном.
- Усё з-за мяне, - прамовiла дзяўчына, азiрнулася i голас ейны набыў адценьне адчаю: - Зьбег, зьбег, нягоднiк.
Iван схамянуўся, кiнуўся ў той бок, куды паказала дзяўчына, i доўга гойсаў там у пошуках ката, аж пакуль дзяўчына не паклiкала яго радасным воклiчам:
- Вярнуўся!
- Ведаеце, ён у мяне ў кватэры жыў, - паведамiла спадарожнiца, калi Iван вылез з альховых нетраў, - вераб'ёў толькi праз акно бачыў, а тут... - ня скончыўшы фразы, дзяўчына змоўкла, прыслухалася i, кiўнуўшы ў бок Гатава, прамовiла: - Дзядзька Коля едзе.
