Дзесьцi на вёсцы ажываў, глуха чхаючы маторам, матацыкл калгаснага брыгадзiра Баркоўскага.

"Абавязкова пра шапiк спытае, цi яшчэ пра якую халеру", - падумаў Iван i праз iмгненьне, не разьвiтаўшыся зь дзяўчынай, ужо бег па кустах, цьвелячы навакольле звонам разьбiтай бутэлькi.

Вось яна, хатняя ежа. Дзьве талеркi гарачай капусты агораў, а ўдосыць не наеўся. Адкiнуўшыся на прыслон кухоннага крэсла, Iван выцер далоньню тлустыя вусны, зiрнуў у столь.

- Гэта ж трэба. I трусы, i майку заплямiў. Паскудствам гэтам. I з парашком не адмыеш, - стоячы ля печы, мацi выцягвала з валiзы брудныя сынавы мэтлахi i кiдала ў выварку.

- Налi яшчэ, - папрасiў Iван, адчуўшы перамену ў матчыным настроi.

Мацi ўзяла талерку, вылiла з чыгунка рэшткi капусты.

- Схуднеў як. У западнiкаў. Адныя вочы блiскаюць, - выдыхнула мацi, усьпiраючы выварку на гарачую чарэнь.

Жыхароў Баранавiчаў Ларыса Пятроўна недалюблiвала i называла не iначай як "западнiкамi". I хаця самой ёй бываць у Заходняй Беларусi, а тым больш у Баранавiчах, не даводзiлася, пад уплывам аповедаў сваёй сястры Авадзiхi, якая езьдзiла па вайне ў Заходнюю мяняць шынялi на крупы, у яе склалася наконт "западнiкаў" пэўная думка.

- Лёшку Мандрыка з турмы выпусьцiлi, - прамовiла мацi, памешваючы палкай у выварцы. - Па амнiстыi. Страшны стаў - з нажом ходзiць.

Iван адклаў лыжку, рыпнуў крэслам, засяроджана паглядзеў на лiпучку, што вiсела пад стольлю. Лiпучка была чорная ад мух i вагалася ад гарачага паветра, якое струменiла ад печы.

- Ты ж глядзi, зь iм не вадзiся.

- З кiм? - не зразумеў Iван.

- "З кiм, з кiм..." Зь Лёшкам Мандрыкам, з п'янтосам гэтым, - мацi так iмпэтна крутнула палкай, што на чарэнь пралiлася вада i хата напоўнiлася злавесным сыканьнем.

- I Мандрычыха не адстае. Кожны дзень п'яная, - мацi выцерла рукi, падхапiла зь цьвiка цыратавы хвартух i, мармычучы яшчэ нешта пра Мандрычыху, пайшла даiць карову.



15 из 48