
- Сьпiць з дарогi, - прамовiў ён уголас, згадаўшы, што Люську Халiмонаву прывёз на матацыкле Сашка Собалеў, а другая гатаўка, Манька Цыкiна, прыехала ў клюб на вэласыпедзе.
Пасьмiхнуўшыся сваiм думкам, Iван пастаяў з паўгадзiны, паўздыхаў, прагна ўглядаючыся ў канец дарогi, дый пацёгся назад у клюб, апусьцiўшы голаў i з дакорам мармычучы сабе пад нос iмя ленiнградзкай прыгажунi.
Ён iшоў па Карпачышыным агародзе, калi суладзьдзе вечаровых зыкаў парушыў гучны строкат. Намагаючыся ўгледзець, хто гэта там едзе па прасёлку, Iван узьлез на сьцiрту саломы, потым, наступiўшы на соннага Траяна, пабег да камбайну i ўжо адтуль, зь верхавiны сьлiзкага ад вечаровай расы бункера, убачыў, як матацыкл скацiўся з гары, як падкацiў да клюбу, i ў кволым сьвятле адзiнага на ўсю вёску вулiчнага лiхтара, угледзеў знаёмую постаць.
... Пецька Бадуноў устаўляў у кiнапраектар чацьвертую частку, калi дарэшты закаханы Iван уляцеў у кiнабудку.
- Як назва? - запытаўся ён задыханым голасам, i Пецька, не адрываючы вачэй ад стужкi, адказаў:
- "Анёл у цюбецейцы".
У промнi праектара плыў тытунёвы туман, а на экране тузiн усходнiх кабет бегалi адна за адной пад музыку папулярнай песьнi "Ты куда, Одиссей?"
- Таварышы! Пакiньце палiць! - крыкнула зь першых радоў Мандрычыха, i новая порцыя дыму турбулентна замiтусiлася ў промнi.
Адчуваньне таго, што Маша недзе тут, у залi, прыемным сьвербам адбiвалася пад сэрцам. Iван пачухаў грудзiну, зiрнуў на Юрку, якi па-ранейшаму круцiў корбу, рашуча падышоў да стала. Рукi Iванавы прагнулi работы. Ён адцiснуў Юрку ўбок, паклаў руку на корбу i, пераможна крэкнуўшы, з шалёным натхненьнем стаў перамотваць стужку.
З адчыненых дзьвярэй вырываўся на начны прастор голас Валерыя Абадзiнскага.
