Песьня, якую сьпяваў Валеры, называлася "Что-то случилось". Пасярэдзiне залi кружылiся пары: бiблiятэкарка Забаронька з настаўнiцай Кнiповiч ды дзьве малалеткi з Зарэчанскай вулiцы. Астатнiя дзяўчаты сядзелi ўздоўж сьцен, зачаравана глядзелi на модныя туфлi настаўнiцы i, таемна блiскаючы бялкамi вачэй, аб нечым горача шапталiся. Юрка Бадуноў быў адзiным хлопцам, якi сядзеў у залi. Кружэлкi з запiсамi Абадзiнскага зайгралi настолькi, што сьпявак у двух месцах пачынаў заiкацца, i Юрка, седзячы ля радыёлы, мусiў няўлоўным рухам перасоўваць iголку.

Хлопцы гуртавалiся на ганку. Усе яны - ад малога Толiка Манькiна да боўдзiлы Васькi Бохана - зацята палiлi папяросы, жартам валтузiлiся i казелiлi вочы на дзевак, што сядзелi з залi. Васька Бохан, двухмэтровы дурыла, якi прыйшоў на танцы ў пацёхканым камбiнэзоне, стаяў у дзьвярной пройме i не выпускаў дзяўчат з клюбу нават па пiльнай патрэбе.

- Нiнка, хто гэта табе нос падзер? - крыкнуў Васька Бохан бiблiятэкарцы Забароньцы, калi Валеры Абадзiнскi чарговым разам заiкнуўся.

- Хто трэба, той i падзер, - азвалася бiблiятэкарка i, прыкрыўшы нос рукою, пасунулася разам з настаўнiцай да выхаду.

- "Ты куда-а, Алексей?" - засьпяваў Васька Бохан, блытаючы Адысея з Аляксеем, паспрабаваў ухапiць Забароньку за кофту, але тая, вырваўшыся, стукнула Бохана кулаком па хрыбцiне.

Ад таго кухталя ўнутры ў Васькi штосьцi бразнула, з вуснаў выпала папяросiна, i ўсе, хто стаяў на ганку, спалохана паглядзелi на небараку. Той вiнавата вылаяўся, падняў з-пад ног недакурак i ў наступнае iмгненьне ўжо запiхваў у залю дзьвюх малалетак з Зарэчанскай вулiцы, якiя таксама хацелi выйсьцi на падворак.

Седзячы на прыступках, Iван палiў папяросу, скоса зазiраў у залю i сьцiшаным голасам распавядаў вясковай дзятве зьмест кiнафiльму "Фантамас супраць Скотлянд-ярду". Пачуўшы бразгат у боханаўскiм нутры, ён перарваў аповед, паглядзеў на Бохана, i дзятва зь нецярплiвасьцю тузанула яго за рукаво:



19 из 48