- Кацька... Зь Ленiнграду... - прашаптала за Iванавай сьпiнай Нiна Забаронька. - Летась з мужыком разьвялася.

Iван наструнiў слых, мерачыся пачуць яшчэ тое-сёе, але ў гэты момант загуў матор i аўтобус паехаў.

- А далiбог, пашалелi гэтыя курортнiкi. З катамi ў аўтобус лезуць, гукнула Авадзiха i словы гэтыя былi апошнiя, якiя пачуў Iван. Празь iмгненьне ён ужо спаў, паклаўшы голаў на нiкеляванае бiла сядзеньня.

За чыгуначным пераездам аўтобус зварочвае з шашы, нейкi час едзе па асфальце, а даехаўшы да пахiлага шчыта з надпiсам "Калгас "Шлях камунiзму", страсянаецца на выбоiнах усiмi сваiмi бляхамi i жалезкамi. Iван стукаецца лобам у нiкеляванае бiла, асавела паводзiць вачыма i неўзабаве зноў засынае, тулячыся вухам да цётчынага плечука.

- Во як у чужыць людзях. I галава не трымаецца, - мармыча Авадзiха i, каб пляменьнiку ямчэй было спаць, хiлiць плячук долу.

Ваня Бянькоў нарадзiўся на станцыi Назарбай Цалiнаградзкай вобласьцi. Увесну пяцьдзесят чацьвертага мацi ягоная, Ларыса Пятроўна, пазычыўшы сто рублёў у суседкi, набыла фанэрную валiзу i ад'ехала на асваеньне цалiннай i абложнай зямлi.

На цалiне Ларыса Бянькова спачатку завашывела, потым зацяжарала i ў лютым наступнага году, на восьмым месяцы цяжарнасьцi, падалася дадому, зь вялiкай цяжкасьцю ўбiўшыся ў таварна-пасажырскi цягнiк.

Дзесьцi пад Акмолiнскам Ларысе стала блага, яе зьнялi зь цягнiка, занесьлi на станцыю, i там, у дзяжурным пакоi чыгуначнай станцыi Назарбай, Iван i зьявiўся на сьвет, прывiтаўшы залiвiстым енкам бяскрайнi цалiнны абшар.

Бацьку свайго Iван бачыў толькi на фотаздымку - маленькiм, пацьмянелым ад часу здымку, якi i дагэтуль вiсiць над матчыным ложкам i на якiм калi i можна што ўгледзець, дык гэта тое, што бацька быў вусатым.

Мацi наагул любiла вусатых мужыкоў. Вунь i дзядзька Коля, кватарант iхны, таксама вусы насiў. Добры быў дзядзька. Дзьве зiмы ў iх кватараваў, аж пакуль мацi яго ня выгнала. Даведалася, што кватарант жонку з двума сынамi кiнуў i ад алiмэнтаў хаваўся.



3 из 48