Зьехаў дзядзька Коля, нават валiзу не прыхапiўшы. А ў валiзе "Памятка дэсантнiку" ляжала. Маленькая такая кнiжачка. На вокладцы нумар напiсаны i грыф адпаведны: "За пределы части не выносить!" Памятку тую Iван прачытаў разоў мо дваццаць i так захварэў на парашутызм, што з хаты ўсе прасьцiны павыносiў. Парашуты зь iх майстраваў: да ражкоў аборкi прывязваў ды скакаў з суседзкай пунi. Вышыня было, вядома, непаважная... нейкiх пару мэтраў. Але аднаго разу давялося Iвану зьдзейсьнiць скачок, перад якiм самлеў бы i сапраўдны парашутыст-выпрабавальнiк, пагатоў скакаць давялося не з парашутам, а з падзертым парасонам. Пад'юдзiлi яго на гэта ленiнградзкiя хлопцы, якiя ў вёсцы гасьцявалi. Яны i парасон далi...

"Скочыш, - сказалi, - скрыню лiманаду паставiм".

А скакаць трэба было зь сiласнай вежы.

... Ад сьмерцi Iвана ўратавала куча ссохлага гною, што ляжала пад вежаю, яна i зьмягчыла ўдар. Толькi нагу i зламаў. Хiрург пасьля апэрацыi распытваць узяўся. Маўляў, што ды як. Цi самохаць зь вежы сiгануў, цi пiхнуў хто, а распытаўшы, яшчэ нейкага прывёў. Сiвога такога, з круглявым люстэркам на лобе.

- Вось, - кажа, - Аркадзь Барысавiч, цяжкi выпадак. Парашут у хлопца не раскрыўся.

Аркадзь Барысавiч Iвану ў вочы глядзеў, штосьцi па-замежнаму мармытаў, а нахiлiўшыся да Iванавага вуха, запытаўся:

- Прыпадкi былi?

Прыпадкаў у Iвана, дзякаваць Богу, не было, на мэнiнгiт ён не хварэў, у пасьцель не мачыўся, але пасьля такiх роспытаў насельнiкi палаты сталi глядзець на яго з насьцярогаю i спачуваньнем, а цёткi на мылiцах, што раз-пораз зазiралi ў палату, цокалi языкамi i напаўголасу прамаўлялi:

- Гэта ж трэба... такi малады, а ўжо чокнуўся.

Першыя тры днi ложак Iванаў стаяў усутыч да ложка дзеда Яўхiма, i ад таго суседзтва Iван i папраўдзе быў блiзкi да вар'яцтва. Прычынай таму сталася бясконцая кашлянiна i хворыя вантробы восемдзесятгадовага гаротнiка. Ратуючыся ад апраметных зыкаў i пахаў, Iван клаў на твар падушку, з галавою ўкручваўся ў коўдру, а ўкруцiўшыся, цэлымi гадзiнамi пакутваў ад недахопу кiслароду.



4 из 48