
Яшчэ адна фiлiжанка за туркаў, i неўпрыкмет я апынаюся ў смузе колеру разбаўленага цынандалi. У ёй пачынае вымалёўвацца нейкая выснова. Вось зараз я ўхаплю яе за хвост, але...
Але ў гэтай залацiста-празрыстай смузе па пляжы - быццам кагадзе сыйшоў з тэлеэкрану - сунецца ў белых штанах генэрал КГБ Алег Данiлавiч Калугiн. Ён без накладной барады й чорных акуляраў i вiдавочна не падобны да зацкаванага людзьмi Гамсахурдзii агента (хай сабе й адстаўнога) варожай дзяржавы. Значыцца, я ўсё ж у Абх. ССР.
- Господин Калугин! - гукаю я, падымаючыся зь бервяна.
Ён ня ўздрыгвае й не палохаецца. Здаецца, яму нават прыемна, што яго пазналi. Генэрал стамiўся безь вядомасьцi, ваюючы на таемных франтох барацьбы зь iмпэрыялiзмам.
- Г-н Калугин! Интервью для белорусской газеты "Наша Нiва"! Первый вопрос: Вы прибыли сюда в качестве агента Кремля?
Генэрал аблiвае нахабу прафэсiйным лiпуча-чэпкiм позiркам i дастае з кiшэнi асадку "паркер". Мяне працiнае: вось стрэлiць зараз якой-небудзь атрутнай стралой...
- Так вы из Минска? - Ён хавае "паркер" у кiшэню. - Что-то вы не очень похожи на белоруса.
Нiякiх дакумантаў у мяне з сабою няма, i замест iх я пачынаю чытаць генэралу верш Рыгора Iванавiча Барадулiна:
Трэба дома бываць часьцей.
Трэба дома бываць ня госьцем...
- Это намек? - пытаецца пiльны спадар Калугiн.
Я прапаную яму разбаўленага цынандалi ймя Боры Гальперашвiлi. Генэрал адмаўляецца. Магчыма, прычына ў тым, што фiлiжанка ў мяне адна, а йсьцi па другую да Боры неахвота.
Банальная iдэя наконт iнтэрвiю ўжо пакiнула мяне.
Ну, пайшоў ён у ворганы адразу пасьля фiлфаку Ленiнградзкага ўнiвэрсытэту (цi не пастукваў, як быў студэнтам?). Ну, сядзеў на "дыпляматычна-журналiсцкай" пасадзе ў ЗША, закупляючы рэдактараў эмiгранцкiх выданьняў. Ну, выдаваў пад псэўдонiмам "О. Кедров" свае кнiжкi, дзе выкрываў акулаў капiталiстычнага сьвету. Ну, ажанiўся зь Людмiлай Вiктараўнай (яна ўжо зьявiлася на даляглядзе й занепакоена наблiжаецца да нас у штанах колеру бэж). Ну, працуе яна, скончыўшы пэдынстытут, у Iнстытуце ЗША й Канады. (Мы й так ведаем, што якраз у пэдынстытутах i рыхтуюць гэткiх спэцыялiстаў.) Усё гэта неiстотна.
