
Новую фiлiжанку я п'ю за генэрала Калугiна, найлепшага з усiх прадстаўнiкоў ягонага ведамства, якiх я дагэтуль ведаў.
Ён не паказваў мне сваёй корачкi, не выклiкаў мяне ў бюро прапускоў, не казаў пра "нагнетание националистических страстей в некоторых рассказах". Урэшце, нават апазнаў ня ён мяне, а я яго.
За вас, генэрал!
Людмiла Вiктараўна таксама адмаўляецца ад цынандалi, i яны аддаляюцца ўздоўж шампанiстага прыбою. Iхнi ўлюбёны адпачынак - дваццацiкiлямэтровая прыморская прагулянка.
За вас, Алег Данiлавiч i Людмiла Вiктараўна!
Як кажуць у вас у Расеi, скатертью дорога!
Я гляджу на мора. Таямнiчая рэч, якую несьлi хвалi, ужо блiзка. Гэта абшарпанае драўлянае крэсла. Напэўна, яго таксама прыслалi турэцкiя пралетары, прачытаўшы ў газэце, што ў нас крызыс з мэбляю. Я выцягваю аблупленае крэсла з вады й кладу яго на жвiр сушыць.
У яго толькi тры нагi, але на iм можна сядзець, што я й раблю, дапiваючы за турэцкiх пралетараў апошнiя глыткi. На ўсялякi выпадак я пералiчваю грошы й гляджу на Бору. Крэсла, як быццам прадчуваючы хуткае расстаньне, ня хоча адпускаць мяне.
Памiж мною й Борам адбываецца трэцi дыялёг.
- Кто этот человек? - ён кiвае ў той бок, куды пайшоў генэрал.
- Это Калугин, - адказваю я. - Ну тот, генерал КГБ.
- ... и... КГБ... - кажа Бора.
За час, пакуль я гаварыў з генэралам i сушыў турэцкае крэсла, у "Бары" прычынiлася падвышэньне коштаў на цынандалi й хачапуры, аднак мне як старому клiенту Бора адпускае яшчэ па старым кошце. Ягоны позiрк раптам робiцца загадкавы й скiраваны некуды паўзьверх майго пляча.
Я адварочваюся ад стойкi й бачу побач са сваiм крэслам нейкага чалавека.
- Эй! - вясёла крычыць ён. - Это твоя стула?
