- As soon as you transfer your money on our count the first consignment will come.* - госьць прамовiў гэтую фразу, жуючы табаку, i мурын, слухаючы няўцямна-шапялявую гаворку, заклапочана пацёр лабешнiк.

* Як толькi перавядзеце грошы на наш рахунак, адразу ж атрымаеце першую партыю (анг.).

Згадка пра валютны рахунак усхвалявала палкоўнiка.

- Раней вы казалi: варта толькi прачытаць тэкст. Цяпер загаварылi пра непасрэдны кантакт з галавою. А гэта ж зусiм iншы каленкор, - палкоўнiк стрымана кашлянуў i, пасьля паўзы, дадаў: - I зусiм iншыя грошы.

Цемнаскуры цiвун скрывiўся, падбiраючы адпаведнiк слову "каленкор", i мiстэр Вiк, пстрыкнуўшы пальцамi абедзьвюх рук, загаварыў па-расейску, расьцягваючы, па прыкладу латышоў i чэхаў, галосныя зыкi.

- Над праектам працавалi тры iнстытуты, у справу ўбiта тры мiльярды даляраў, да таго ж я сур'ёзна рызыкую. Калi там... - госьць узьняў да столi пукатыя вочы, - даведаюцца пра нашу зьдзелку, я мушу сесьцi ў крэсла. Самi ведаеце, якое...

- Ве-едаем, - выдыхнуў палкоўнiк, таксама расьцягваючы зыкi, - тры тысячы вольт, дым з вушэй i ўсё такое...

- What does it have to do with my ears?* - абурыўся госьць, ускочыў з фатэля, i разам зь iм ускочыў з крэсла i прадстаўнiк Камiтэту.

* Пры чым тут мае вушы? (анг.).

- Панове... ня будзем пiкiравацца, - прымiрэнчым голасам прамовiў камiтэтчык, - заўтра правядзём экспэрымэнт i калi ўсё будзе добра, тады i абмяркуем нашыя праблемы.

Калi за гасьцямi зачынiлiся дзьверы, прадстаўнiк Камiтэту з дакорлiвай усьмешкаю ў вачах зiрнуў на палкоўнiка.

- У нашай працы трэба быць не ганчакамi, а лiсамi... Калi гэтая рэч i сапраўды... - камiтэтчык з гучным поканьнем раскрыў тубус, - ... выпроствае зьвiлiны, тут нiякiх грошай не пашкадуеш. За пару месяцаў зьлiквiдуем усялякую апазыцыю. Уяўляеш... Скразьняк нясе праблемны артыкул у "Лубянскi набат", Лабуцька вядзе рэй у Антынатаўскiм камiтэце... Гэты... як яго?.. Кудыка... зьбiрае мiтынгi з патрабаваньнем надаць Акадэмii навук iмя любiмага Прэзыдэнта.



2 из 13