Слухаючы калегу, палкоўнiк пачухаў сьвярблiвы шнар на шчацэ, памацаў скрутак паперы, што тырчаў з тубуса, i, падняўшы трубку нутранога тэлефона, каротка загадаў:

- Трэцюю тэчку на стол!

Важкая тэчка з мэталёвай лiчбай "3" на вокладцы зьмяшчала дасье на галоўных апазыцыянэраў.

Хаця лейтэнант Надгайны - так звалi русявага маладзёна - чытаў дасье бадзёрым голасам, палкоўнiк слухаў ня надта ўважлiва i толькi калi лейтэнант дайшоў да Вячаслава Забелы - iнжынэра-праграмiста з завода iмя Манiлава, рыпнуў крэслам i зяхлiва запытаў:

- А на якiя сродкi ён жыве, гэты Забела?

- У вольны ад працы час прадае кантрабандныя запалкi, - гукнуў лейтэнант, выпетрыўшы з палкоўнiцкай галавы рэшткi дрымоты.

- Iнжынэр Забела прадае запалкi... Сорамна, бацюхна! - зь ленiнскай картавiнкай прамовiў палкоўнiк, пасьля чаго ўжо сур'ёзным голасам прабурчаў: Далей.

Ганчарык Аляксей Пятровiч. Сябар ПЭН-цэнтру. Аўтар пятнаццацi празаiчных кнiжак, напiсаных з варожых славянскаму сьвету пазыцый.

- Гэта ня той Ганчарык, што гандлюе трусамi на Камароўцы? - ускiнуў брыво палкоўнiк.

- Той самы, - працадзiў прадстаўнiк Камiтэту.

- Вось зь яго i пачнем, - сказаўшы так, палкоўнiк пайшоў да тэлефону, хвiлiн пяць даваў розныя распараджэньнi, потым дастаў з сэйфу пачатую пляшку каньяку, налiў сабе i камiтэтчыку, сьпехам кульнуў чарку i, падхапiўшы тубус, адрыгнуў каньячным духам: - Едзем у друкарню!

II

- Iван! Чуеш? Грошай няма нi капейкi, - рыпучы жончын голас прабiўся пад коўдру, нэрвовым сьвербам прайшоўся па скуры. - Ганчарык на Камароўцы сядзiць. Шабуня кашы пляце, а гэты лежнi правiць. Думае, я яго кармiць буду! - гукнула жонка, бразнула ўваходнымi дзьвярыма, i Iван вытыркнуў галаву з-пад коўдры.



3 из 13