- А чыво эта вы са мной па-беларускi разгаварваеце?

Давялося стаць на дыбкi, выцягнуць шыю.

- Купiла трусы мужыку... палез у ваду i краска ў с... уелася. Нiчым не адмыць, - галёкала кабета, махаючы ў паветры чырвона-зялёнымi трусамi.

Ганчарык - а лаялiся, вядома ж, на яго - хваравiта крывiўся, змучана аддзiмаўся i, мяркуючы па ўсiм, ня ведаў, што адказаць кабеце, якая патрабавала вярнуць ёй сорак мiльёнаў. Магчыма, Ганчарык i вярнуў бы грошы, ды тут яго падтрымала маладая гандлярка, што вытыркнулася з-за калашыньня разьвешаных штаноў.

- Пемзай пашаруй! - жартам выдала гандлярка, i кабета, забыўшыся на Ганчарыка, накiнулася на тую зь лютымi праклёнамi.

Базарная лаянка Iвана ня толькi ўразiла, але й занепакоiла. Ён утулiў голаў у плечы, прыгнуўся, каб не патрапiць Ганчарыку на вочы, але калега крутнуў галавой, i яны сутыкнулiся позiркамi.

Ганчарыка сустрэчы ня надта ўзрадавала: калега ўздыхнуў, скасiў вока на сварлiвую кабету i, спахапiўшыся, стаў зрываць зь вяроўчыны разьвешаныя мэтлахi ды запiхваць у вялiзную цыратавую сумку.

- Усё, зь мяне хопiць! - выгукнуў весялун i залётнiк, усьпёр напакаваную сумку на голаў, як гэта робяць афрыканскiя тубыльцы, i кiўком галавы загадаў Iвану iсьцi сьледам.

Не згаворваючыся, яны рушылi ў напрамку прадуктовай крамы. Ганчарык за ўсю дарогу не прамовiў нi слова; нават купляючы газэту ў шапiку, моўчкi паказаў пальцам на тыднёвiк "Наша Пiва", i толькi ля крамных дзьвярэй, дастаўшы з кiшэнi пачак грошай, коратка запытаў:

- Пiшаш?

У адказ Iван неакрэсьлена страсянуў галавой, потым гэтак жа неакрэсьлена кiўнуў i хуценька падаўся ў краму.

Лёшку Ганчарыка ў пiсьменьнiцкiм асяродку ня надта любiлi. Быў ён творцам таленавiтым, амбiтным i, да таго ж, церабiў, а то й рэзаў праўду-матку. Калi Ганчарыка пыталiся, што ён думае пра новы раман цi аповед якога-небудзь жывога клясыка, Лёшка заўсёды хмурнеў i прамаўляў ня надта мiлагучнае слова (каб чытачы здагадалiся - што гэта за слова, паведамiм: яно сугучнае драсёну, Дрысе i Дрысьвятам).



7 из 13