Праўда, была ў Лёшкi й дадатная рыса: калi хто з знаёмцаў прасiў грошай на пахмелку, ён нiкому не адмаўляў, а, атрымаўшы буйны ганарар, частаваў братоў-пiсакаў на поўную губу.

Частаваў Ганчарык i Йвана. Налiваў гранёную шклянку, абдымаў за плечы i, згадаўшы "Маню з Заказельля" - той самы аповед, у якiм трактарыст Трыфан кiнуўся з сякерай на абрыдлую цешчу, - прамаўляў сваё ўлюбёнае слоўца. Iван пры гэтым ня мог уцямiць - жартаваў Ганчарык цi казаў усур'ёз; прытоеная крыўда штораз падступала да горла, i даводзiлася заганяць яе ў страўнiк глытком пякучай гарэлкi.

... Стоячы ў чарзе, Iван пералiчыў грошы, i старая крыўда зварухнулася на дне страўнiка. "Я ў падзёртых штанах хаджу, а ў гэтага прайдзiсьвета па мiльярду ў кожнай кiшэнi", - бязгучна прабубнеў Iван i, кiўнуўшы прадаўшчыцы, цяпер ужо ўголас прамармытаў:

- Тры вiна i слоiк салянкi.

IV

Жлукцiць такою парою вiно можна было толькi ў адным месцы: ля рэчкi. Туды яны i скiравалi.

Людзей на рэчцы было аж занадта. Сам бераг апанавала дзятва - вiскат стаяў неверагодны, крыху зводдаль усё было застаўлена машынамi, на вузкай лугавiне ўпокат ляжалi тлустыя цёткi, падставiўшы сонцу свае неабдымныя жываты, i пiсьменьнiкi, паблукаўшы, знайшлi сабе месца пад гонкай бярэзiнай, якая, аднак, амаль не давала ценю.

Пакуль Iван адкрываў салянку i адкаркоўваў пляшку, напарнiк, сьпехам распрануўшыся, пабег да вады. Ганчарык любiў купацца - мог адседзець у вадзе цэлую гадзiну, Iван гэта ведаў, а таму, нюхнуўшы счарнелую салянку, устурбавана зiрнуў з-пад рукi на тлумны бераг.

Калега вярнуўся хвiлiн празь пяць - задыханы i задаволены.

- Давай i ты... адразу палягчэе, - бадзёра гукнуў Ганчарык, казелячы вочы на кабету, што загарала непадалёку.



8 из 13