Не задзiрлiвы, i не злапомслiвы, Чэсiк у момант апаражняе мiску заскваранай здорам капусты i ў момант забывае ўсё тое нядобрае, што яшчэ некалькi хвiлiн назад варам бушавала ў яго грудзях. Раз-пораз ускоквае ён з месца то памацаць шаўковую рубашку, то апрануць бравэрку - сiняе суконнае паўпалiто з цыгейкавым каўняром, то прымерыць чаравiкi... Чэсiк цешыцца сваiм багаццем, як дзiця, а Паўлiха цешыцца Чэсiкам. Дзякаваць богу, хлапцу ёсць у што апрануцца, ёсць што абуць. А людзi - iм ратоў не пазашываеш. Няхай сабе мелюць!

Нарэшце ўсё дабро зноў звешана i складзена ў шафу. Шафа замкнёна на ключ. I ключ схаваны за абразы.

На сэрцы ў абаiх лёгка i весела.

Тым часам пара i выганяць каровы з ранкаў, i Паўлiха iдзе рыхтаваць Чэсiкаву торбу.

- Не баўся ж бо, дзеткi, - папярэджвае яна Чэсiка. - А то Мiкодым будзе лаяцца.

Сама яна таксама спяшаецца. Ёй таксама пара на сваю ферму: каб хаця дзяўчаты не забылi паналiваць вады куранятам, а то пазаходзяцца ад смагi гарачыня такая!..

- Глядзi ж, дзеткi, не пазнiся! - яшчэ раз, з парога ўжо, наказвае Паўлiха i бяжыць на ферму.

Чэсiк бярэ торбу з ядой, бярэ пугу i, як штодня, як штолета, iдзе займаць калгасныя каровы.

...Чэсiк пагрозлiва замахваецца - i раменная пуга свiшча i сыкае ў паветры вужакаю. Каровы ведаюць Чэсiкаву пугу i подбежкам, грузнучы па чэрава ў багне, перабiраюцца цераз канаву. Выбраўшыся на грудок, прагна прыпадаюць да смачнага роснага мурагу. Толькi i чутно: жвiў, жвiў, жвiў...

Сам Чэсiк пераходзiць канаву па кладцы. Загад Мiкодыма выкананы, i Чэсiк можа пасядзець таксама. Адсюль каровы нiкуды не пойдуць. Трэба толькi пiльнаваць, каб старшыня калгаса не нарваўся.

Успамiн пра старшыню калгаса зноў падкочвае да Чэсiкавага сэрца дзве хвалi. Адна хваля цёплая i лагодная: да старшынi прыехала яго панi старшынiха, а яна таксама прыгожая, такая вясёлая...



4 из 12