Другая хваля нядобрая: яна студзiць Чэсiкава сэрца i поўнiць яго злосцю: а мо i праўду кажа Мiкодым, што старшыня вылежваецца з паняю старшынiхаю... I Чэсiку здаецца, што брыдчэйшага i горшага чалавека за iх старшыню калгаса няма на свеце. Здаецца, каб стрэўся з iм дзе-небудзь у лесе цi ў жыце - забiў бы! Такi кiрунак думак робiць Чэсiкаў твар тупым i звераватым. I няма нiчога дзiўнага: стрэнься старшыня яму ў такую хвiлiну дзе-небудзь адзiн на адзiн - i заб'е...

- Чэсiк, глядзi адно, не ўпусцi ў шкоду кароў! (У лагчыне, за грудком, аўсы.)

Уладны Мiкодымаў голас абуджае Чэсiка ад яго думак. Яны, як напуджаныя вераб'i, рассыпаюцца каторая куды, i Чэсiк зноў застаецца сам з сабою, з галоўным сваiм клопатам - каровамi.

- Гляджу, - панура адказвае ён i накiроўваецца да белага каменя.

Камень гэты, нiбыта яго ўзялi i наўмысля пагаблявалi, роўны i гладкi, што той стол. На iм можна легчы i выцягнуцца - удоўж, упоперак. Можна сесцi ўпяцярых. Можна скакаць нават. Ляжыць гэты белы камень тут з незапамятных часоў, i старыя кажуць, што ад яго i назва вёскi пайшла - Белая. Летась начальнiк экспедыцыi, што шукала цэлае лета каля Белай нейкай солi, надумаўся быў узарваць белы камень. Ды людзi не далi.

Узлезшы на камень, бачыш, як бяжыць удалечынi Вiлiя, халодная, быстрая рэчка. Левы бераг яе нiзкi, нiбыта засланы зялёным аксамiтам - толькi мясцiнамi аксамiт перасыпаны, як вальцоўкай, мяккiм, залатым пяском. У гэтым пяску цэлае лета капаюцца вясковыя дзецi. Гэтыя пясчаныя мясцiны заўсёды выбiрае сабе для вадапою жывёла.

Правы бераг Вiлii высокi, стромкi, чырвоны ад пластоў глiны, што залягаюць па той бок. На тым беразе лясы - дубовыя i хвойныя. Па той бок у невялiчкiх вёсачках Залессе, Падарэссе, Дуброва кожны год плойма дачнiкаў...

Там на цёплым залатым пясочку цэлае лета загараюць у стракатых купальнiках гарадскiя дачнiцы. Каля iх, з берагу, пялёскаюцца i вiшчаць ад захаплення iх дзецi, зялёныя i худыя, нiбыта дома iх не кармiлi хлебам... За лета гэта худзеча так адбегаецца па цёпламу пяску, так адап'ецца смачнага вясковага малака, так загартуецца пад вольным сонейкам i ветрам, што пад восень дзiўна робiцца, няўжо гэта тыя самыя заморкi?..



5 из 12