
Але мушу астудзiць запал тых, каму заманулася пагрузiцца ў сьвет думак i вобразаў наваполацкага самвыдаву пачатку 70-х. З часоў ягонага разгрому ён даступны адно крытыкам з вайсковымi званьнямi...
Наступнiцы "Блакiтнага лiхтара", "Мiлавiцы", пашанцавала болей. Машынапiсны альманах, выдаваны ў сярэдзiне 70-х гадоў купкаю студэнтаў гiстарычнага факультэту БДУ, у бяздонныя сутарэньнi ўсемагутнага ведамства ня трапiў. Зрэшты, фатакопii кожнага зь пяцi нумароў у адпаведных тэчках бясспрэчна ляжаць: трапiўшы ў рукi факультэтаўскiх камсамольскiх актывiстаў, "Мiлавiца" зьнiкала падазрона надоўга - ведаю не па чутках, бо меў гонар належаць да яе выдаўцоў.
На маiм пiсьмовым стале трэцi нумар альманаху, якi адкрываецца вершам Iгара Чарняўскага "На сьмерць Бэма" (па матывах жалобнай рапсодыi Чэслава Немэна на вершы Цыпрыяна Норвiда).
А мiг сумленьня сьпiць,
Царуе тут вiно.
Ну хто гэта глядзiць
У цёмнае вакно?..
Гэта радкi з баляды Генадзя Кулажанкi, якi не вярнуўся з Афганiстану. А вось страфа зь верша "Супрацiўленьне матэрыялаў" Юрася Бандаровiча:
Калi лiчыць чарговы стаў вар'ят
Сябе героем, ўзяўшы ўладу ў рукi,
Напомнiце яму пра супрамат
Бо ёсьць такая мудрая навука.
Мне хочацца працягваць цытаваньне - i вершаў Эдварда Зайкоўскага, i мiнi-эсэ пра пiваiзм (ад слова "пiва"), i, далiбог, сьмешнага аддзелу сатыры й гумару, i "псыхалягiчна-фiзыялягiчнай" драмы "Глiст-нiгiлiст"...
Дык цi справядлiвая "пашыраная думка", калi, прынамсi два самвыдавецкiя лiтаратурныя альманахi, два правобразы цяперашнiх "Лiтаратуры", "Ксэраксу Беларускага" ды iншых сёньняшнiх i будучых падобных выданьняў, мы ў тую цiхую Варфаламееўскую ноч 70-х гадоў усё ж мелi?
Беларуская лiтаратурная эмiграцыя.
