Было блiзка некалькi не згрызеных жывёлаю кустоў, некалькi лапiн ад вогнiшчаў i далёка наводшыбе блiшчаў пад жоўтым сонцам белы конскi чэрап, высахшы i струхлеўшы пад вятрамi. Гэта была вялiкая задуменнасць, як бы ўвасабленне нейкай фiласофii прастораў свету... Уяўлялася нейк, што тут павiнна была быць высокая трава, горача i страшна ясна свецiць сонца i дзьме гарачы вецер. I пад ветрам гэтым трава будзе спяваць цiхiя i задумёныя песнi над конскiм чэрапам. I мелодыя гэтая будзе закалыхваць усю зямлю, пакуль не з'явiцца на ёй чалавек i не засмяецца над законамi гэтай мелодыi...

"Гэта ж Нонна яна завецца", - набегла раптам у Андрэя думка, i ён нейк па-дзiцячаму ўсмiхнуўся...

I пэўна, што не мог разабрацца ён, што гэта з iм робiцца.

IV

...Гэта зямля, а гэта дарога на ёй... Ноччу зоры i трава халодныя... Вiдны людзi, часам больш iх, часам менш, i нечым i нейк жывуць яны... I там далей таксама гэта ёсць, i калi я буду там, то буду там усё гэтае бачыць, а тут гэта ўсё застанецца таксама. Наперадзе нешта будзе, цяпер жа сонца свецiць, i шырокi поплаў жоўты ад яго. I журботна нейк ад таго, што стала пуста i глуха, як паехалi ўсе...

Такi i заўсёды быў настрой i такiя адчуваннi Нонны.

Не было вялiкiх клопатаў, не вельмi заядалi яны душу i розум, не ўтамлялi яны... Былi вялiкiя захапленнi, i тады малое здавалася вялiкiм, вялiкае ж малым здавалася, толькi часта было яно чужым i няважным.

Зiмою трэба было жыць у вёсках i мястэчках, даводзiлася жыць i ў гарадах, i як толькi пачынаў раставаць снег, зноў пачыналiся паплавы ды палявыя дарогi. Зiмою сустракалася больш людзей, i не то што каб цiкавiлi гэта вельмi яны, але нейкiмi новымi i непрывычнымi здавалiся, i хто-небудзь з iх часам пачынаў як бы цiкавiць, а пасля прападала гэта...

На трынаццатым годзе ўжо моцна акрэслена пачалi абуджацца ў Нонны няясныя дзявочыя смуткi i жаданнi, i тады вырастала чуласць, але яна пачала прытупляцца з цягам гадоў.



10 из 21