
Цыган нешта заспяваў сабе пад нос, а Андрэй пачаў рваць вяршкi з аеру i кiдаць у ваду.
- Слаўная дзяўчына, - сказаў ён раптам, не ведаючы, што яму гаварыць.
Цыган з-пад iлба нейк непрыветлiва глянуў на яго, i голас яго перайначыўся, стаў нейкiм трохi варожым:
- А табе што?
- Мне што?
- Але.
- Што ж мне?! Мне нiчога. Хiба я павiнен гаварыць, што яна няслаўная, калi яна слаўная.
- А ты як жа гэта ведаеш?
- А можа i не, чорт яго ведае.
- То ты чаго ўжо кiнуўся ў другi бок?
Андрэй паглядзеў на цыгана i падумаў: "Што мне гаварыць з iм i нашто гэта я з iм гавару... I што для мяне яго сястра?! Хiба патрэбна мне думаць аб гэтым. Яна так жа далёка ад мяне, як i я ад яе. Яна недаступна мне, як i я ёй, i думкамi нашымi, i настроямi..."
Яны яшчэ раз удвух закурылi, i цыган падняўся, моцна пацягнуўся i пазяхнуў... Паказалася з-пад чорнай жакеткi сiняя суконная камiзэлька з залатым тоўстым ланцужком i цацкамi ад гадзiннiка, i ад гэтага постаць яго стала нейкай вельмi ж адмысловай на гэтым зялёна-пажоўклым нiзкiм беразе.
- Табе трэба iсцi куды? - сказаў Андрэй.
- Куды мне трэба iсцi?! - задумаўся цыган i, памаўчаўшы, сказаў: Пайсцi на дарогу, там нашы ехаць павiнны...
I яны ўдвух перайшлi на другi бок рэчкi i абодва пайшлi ў розныя бакi, холадна нейк развiтаўшыся... Раней дык цiкавiў Андрэя гэты чалавек, а гэта нядобра ўжо было быць з iм разам. Раней цiкавiў як брат тае дзяўчыны, а цяпер за гэтым жа стаў нейкiм варожым. Андрэй адышоўся трохi, пасля азiрнуўся, каб упэўнiцца, цi далёка ён. Яго не было ўжо вiдно, i Андрэй з трывогаю ад нервовага ўзбуджання вярнуўся назад. Ён пiльна паглядзеў на той бераг, на тыя палатняныя будкi. Цiхiя i ў адзiноце стаялi яны. Вакол iх скрозь быў роўны i нiзкi поплаў, згрызены i пажоўклы, налева жаўцелi кусты, а направа i проста роўнасць даходзiла далёка да сiняй нiзкай iстужкi - можа лесу, а можа хмар.
