
Тады ўжо моцна свяцiла сонца, па-асенняму нямоцна грэла, i ўзняўся вецер. На паплавах стала шумней, толькi больш неяк дзiка. Уявiлася, што моцна загаварылi кусты i вада, i ўсё гэта адбiлася на настроях Андрэя. Стала як бы нешта высвятляцца ў яго разуменнях, i тады ён прыпомнiў неяк многа мiнулага. Гэта было ад таго, што многа было ў яго звязана i з ветраным шумам, i з крыкам жураўлёў высока. Раптам прыцiх ён, бо яшчэ з учарашняга дня цыганская дзяўчына падрыхтавала да гэтага душу - зрабiла яе нейкаю тонкаю i чулаю. З вялiкай нецярплiвасцю дабыў ён на рабоце да поўдня i тады заявiў, што пойдзе дадому, што нездароў ён. Было яму лепш аднаму iсцi напрамiк цераз поле.
На той час забылася цыганка. Яна то i не забылася, але думкi i адчуваннi аб ёй злiлiся з тонкасцю перажыванняў i думак i аб ёй самой, i аб тым, што было ў жыццi, што непакоiла i радавала, застаўляла пакутаваць i ўзнiмацца настроям. I дома гэта яшчэ павялiчылася.
Там было цiха. Нiкога не было. Андрэй ведаў, што i меншы брат паехаў на поле, недзе пайшла на работу сястра, i ён адзiн стаў хадзiць па хаце, не могучы разабрацца, ад чаго яму так усё здалося дарагiм i любым i разам з тым страшным па тым, як яно ўсё абкружвала чалавека.
Гулi ў хаце апошнiя мухi, i вяла поўзалi яны па вокнах, i на адным акне моцна пахлi нейкiя агароднiя, белыя, познiя кветкi, пастаўленыя сястрой у пабiтую шклянку. Ён з нейкiм замiлаваннем разгледзеў гэтыя кветкi, адчынiў акно, каб выпусцiць на двор муху, не думаючы аб ёй, пасля зноў прайшоў па хаце i заўважыў каля самых дзвярэй на лаве нявымыты гаршчок з вараным шчаўлем. I гэта раптам абудзiла ў iм цэлую буру. Ён яшчэ невыразна падумаў аб усiм, звязаным з гэтым, i ў нейкай нецярплiвасцi закурыў, i, закурваючы, раптам прыпомнiў.
