Быў тады канец лета, i ў той дзень таксама дзьмуў пыльны вецер. Тады ён сама што пачаў узрастаць, i кожны дзень хадзiў за шэсць вёрст у горад вучыцца. Прыйшоў ён быў тады рана i таксама нiкога не застаў дома, i весела хадзiў тады па агародах за хатаю. Па поўднi ж прыйшла з поля старшая сястра i прынясла ў прыполе адтуль вераб'iнага шчаўлю. Таксама палажыла моўчкi яго на лаву i лягла. I да самага змроку нiчога нiкому не гаварыла. Змрокам жа паднялася, накармiла ўсiх i нават яшчэ перабрала той шчавель i тады лягла, не раздзеючыся, сказаўшы толькi, што ёй моцна баляць грудзi. Ноч тая была зусiм для ўсiх спакойнай, бо хто ж яго ведаў, што адчувае i перажывае душою сястра. Назаўтра яна паднялася, так, як i заўсёды, раней за ўсiх, выпалiла ў печы i той шчавель зварыла, i, лёгшы, больш ужо не ўставала. Яны - два браты i сястра - елi той халодны i нiшчымны шчавель i думалi, што б гэта такое прыдумаць i дзе б яго дастаць, каб з'ела хворая. I пасля таго дня, з тае самае ночы, пайшлi вострыя днi. Назаўсёды ў памяцi асталiся i ясныя асеннiя ранiцы, i аўсянае поле з белым павуцiннем, жураўлi, што ляцелi высока. I пакрываў, i паглыбляў нейк усё гэта выраз твару хворай сястры. Пасля больш яшчэ памятным заставаўся хмурны, сухi i кароценькi дзень, у якi моцна пахла з саду халоднымi бэрамi, лiстамi i нядаўна выбранаю вiльготнаю яшчэ ад зямлi бульбаю. У той дзень, пад вечар, пайшоў Андрэй за рэчку на хутары прасiць дошчак на труну для сястры.

- Чаму гэта я пра гэта думаю i нашто гэта я ўспамiнаю? - сказаў сам сабе моцна Андрэй. - Нiхто нiколi пра гэта не думае i стараецца не ўспамiнаць.

Але гэта толькi сказаў ён, сам жа не мог адагнаць думак гэтых ад сябе, ды i не хацеў адганяць. Нават была яму нейкая як бы асалода ў гэтым, што так моцна варушыў ён, хоць i не наўмысня, сваю душу.



5 из 21