
Калiсьцi ты прыйшла да нас, поўная такога запалу. Я адразу тады зразумеў, што тваё сэрца кiпiць, што ты прагнеш барацьбы, хочаш аддацца ёй, хочаш загiнуць. Ты адразу сказала мне, востра блiснуўшы вачмi:
- Таварыш камiсар! Я вазьму вiнтоўку i пайду ў роту.
Я пакiнуў цябе пры штабе. Мне нялёгка далося ўгаварыць цябе, што i тут можна быць карысным, што небяспека тут не меншая, што i тут людзi патрэбны.
I вось пачало нешта расцi памiж нас. Я назваў гэта дружбай, а што гэта было сапраўды - я не знаю. Ты памагала мне.
У цябе ў той час была сiла. Помнiш твой жарт наконт "мокрай прытульнасцi"?
О, гэта была цяжкая, страшэнная ноч. Калi я ўспамiнаю аб ёй, я адчуваю фiзiчны холад, я здрыгаюся, быццам мяне абдаюць жорсткай, сцюдзёнай золлю. I ты, слабая дзяўчына, суцяшала мяне, выдумляючы нейкае глупства аб тым, што, седзячы пад халодным, ледзяным дажджом i не шаволячыся, можна адчуць асаблiвую прыемнасць i цяплынь. Толькi, каб анi-нi не зварухнуцца, каб аддацца цалкам дажджу i старацца ўявiць, што дождж цёплы, што ён не халодзiць, а грэе. Ты назвала гэта - "стварыць мокрую прытульнасць". Я, помню, прабаваў гэтак рабiць, i сапраўды было цёпла, i весела было, i я потым хадзiў да чырвонаармейцаў дзялiцца з iмi сваёй бадзёрасцю...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Не, я цябе не кахаў. Я не бачыў цябе як жанчыну. Можа, гэта таму, што повен быў у той час другiм, больш пiльным i важным, таксама, як i ты, як i ўсе, хто з намi быў. Мне ўспамiнаецца той вечар у маёнтку... Гэта выйшла неяк зусiм няўрымсля i нечакана. Я не хацеў гэтага, не iмкнуўся да гэтага. Мне потым было непрыемна. Я помню (аб гэтым смешна казаць, але - хай сабе), калi я цябе неяк узяў за руку, дык адразу мне дзiкiм здалося, што рука такая малая i мяккая, што яна неяк квола, падатна засталася ў маёй i чамусьцi дрыжэла... I ўсё, што потым было, прайшло зусiм несуразна i дзiка...
