
Не, я цябе не кахаў...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Яшчэ вось што... Калi па лясах i палях пасцiлаецца жоўтай празрыстасцю восень i глыбачэюць крыштальныя далi, калi сеецца ў полi журавiнавы пах пажоўклай травы, я ўспамiнаю нашы паходы. Я рассыплю прад тваiмi вачмi абрыўкi тых пекных малюнкаў, ты пачуеш непазбыўна-знаёмае, вольнае...
Ахутаныя старожкiм шолахам калоны...
Рэдкi - упаўголаса - гоман...
Глухi, уцiсклiвы тупат стрымленых коней...
Нехта мармыча ледзь чутна нейкую песню...
Нейчы спудзiўся конь, лапатнуў з усiх ног ад куста...
Нехта каманду прапеў упаўголаса: - Пад но-о-г-i...
I маўчыць цёмны санлiвы лес, лезе з бакоў у самыя вочы абвiслай сваёй барадой - i слiна цячэ з барады, мажа твар прыкрым макроццем...
Пахне коньмi, пахне цiшынёй насцярожанай, пахне шынелямi i людзьмi...
Нечым пахне - дружным, як хвалi, моцным, як сталь, i напорным, як бура...
Або так...
...Лёгкае восеньскае сонца...
Стары бярозавы шлях - дзiравая жоўтая стужка...
Мерны, бадзёры поступ пяхоты...
Пыл здаецца сталёвым налётам, здаецца, што ўсё ў сталi...
Песня...
Песнi былi рдзяныя, як усход, звонкiя, як восеньскi холад, iмклiвыя, як прастор...
Ты iшла разам з усiмi. Ты пела так: закiдала назад галаву, жмурылася, нiбы глядзела на сонца, i крычала. Помнiш, як цёпла смяялiся хлопцы, калi ты спявала?..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Слухай, я раскажу яшчэ апошняе. Я напомню табе наш апошнi дзень. Мне таксама быў ён цяжкi. А табе была мука, я ведаю. Толькi не каюся я нi ў чым, не шкадую нiчога...
