
Ты помнiш, якi гэта быў страшэнны, напружаны бой? Помнiш, у якой сумятнi быў наш штаб, якая была сумятня наўкола? Музыка гэтага бою жыве ва мне да гэтага часу! Яна зраслася ў адзiн грымучы акорд, у якiм пераблытаны ўздыхi гармат з траскатнёй кулямётаў i стрэльбаў, з адчайным рыпеннем абозаў, з недалужным стогнам параненых, з мiтуслiвым гвалтам асалапелых ад страху.
Наш полк бiўся адважна. Але сiла была не на нашым боку. З кожнай мiнутай у штаб прыляталi трывожныя весткi. Нам трудна было ўжо трымаць сувязь з часцямi, мы разагналi ўсiх веставых, i шмат з iх не вярнулася. Штаб паспешна рыхтаваўся адступаць.
Тады прыйшоў загад зняць полк з пазiцыi. З батальёнамi сувязi ўжо не было, пры штабе не было нiводнага ардынарца, не было каго паслаць з загадам.
Я не збiраўся цябе пасылаць, у мяне не было i думкi аб гэтым. Але ты стаяла паблiзу, i я няўмысля зiрнуў на цябе. Тады ўжо я не мог не паслаць...
Ты была незвычайная. Я добра помню, якая была ў той мiг. Ты стаяла нерухома, падаўшыся троху наперад, твар твой быў белы як снег, i з яго зрывалiся вострыя чорныя вочы - не вочы, а чорны агонь - жывы i пякучы.
Ты ўся была - парыванне i воля.
Ты ўся была - адно iмкненне.
Я тады ўвесь загарэўся магутнай радасцю, я, можа, нават кахаў цябе ў тую хвiлiну. Я ледзь стрымаўся тады, каб не кiнуцца да цябе, каб не абняць цябе - любага майго таварыша, героя. Гэта ж наўмысля я цябе так суха паклiкаў тады, нават назваў па прозвiшчу. Гэта ж наўмысля я не сказаў анi слова, апрача сухога лаканiчнага загаду...
Я з захапленнем сачыў за табой, я не зводзiў вачэй, любаваўся, як ты адважна схапiла стрэльбу, спрытна ўскочыла на каня i паляцела птушкай па полю насустрэчу смерцi.
Ты была прыгожая тады. Ты такой i засталася ў маiм уяўленнi, такою я бачыў цябе ўсе сем год, такую шукаў.
Потым я сустрэў цябе па дарозе, за вёскай. Мы ехалi насустрэчу нашым часцям, прабiвалiся скрозь затоку павозак, конных i пешых людзей, скрозь гармiдар адступлення. Цябе везлi на тэлефоннай двухколцы нашы армейцы. Убачыўшы мяне, яны спынiлiся i дапытлiва зiрнулi, чакаючы загаду.
