
- А Божа мой, жыта не пасеяна. А восень iдзе.
- Дык я табе пасею, - сказаў, устрапянуўшыся, Кастусь.
- А хiба ты ўмееш?
- Я раз авёс сеяў, як бацька мой хварэў.
- А калi ж ты думаеш?
- Калi хочаш. Толькi, каб не марудзiць, мне ж трэба яшчэ i ў сваю дарогу выбрацца.
- Хоць заўтра.
- А насенне ёсць?
- Не намалочана. Снапы я звезла, сама i пажала. А сеяў яшчэ бацька.
- Дык я табе i намалачу.
У хвiлiны гэтай гаворкi ў яго бiлася ў жыццё вострае жаданне хоць якiм заняткам, хоць якой работай адцягнуць як надалей страшную неабходнасць ехаць немаведама куды.
Цяпер ён выразна падумаў: пакуль намалоцiцца i пасеецца, то пройдзе некалькi дзён. Якое шчасце яшчэ некалькi дзён спакою!
Вялiкi доктар усялякай хворасцi ў чалавечай душы - час - мае вечнага свайго дапаможнiка - працу. Можна сказаць з упэўненасцю, што праз гадзiну якую пасля гэтай гаворкi Кастусь Лукашэвiч не меў у душы нi смутку, нi трывогi. Перш за ўсё яны агледзелi з Волечкай пуню з снапамi. У пунi ж быў i ток. Пасля ён праверыў Нявадаўскiя цапы. Вiдаць, добры гаспадар быў Нявада! Бiчы ў цапах былi важкiя i зручныя. Гужы шчыльныя, i завязкi з добрага сурамцу. Цапiльны ж ужо мусiць за цэлыя гады добра абгладзiлiся аб малацьбiтовы рукi. Кастусь выбраў цэп самы размашны, расклаў на таку снапы i пачаў.
- Давай у два цапы, - сказала Волечка.
- Куды ты, малая! Нашто табе тамiцца! Колькi тут той работы! Глядзi лепш хаты.
Браткi мае, што гэта быў за тон! Можна было падумаць, што ён век яе ведаў i быў блiзак ёй. I як гэты тон быў падобен на тон самога Нявады, бацькi, калi, бывала, ён з ласкай загадваў ёй што-небудзь! Апанованая одумам, Волечка i сапраўды пайшла ў хату. Да самага адвячорка яна чула ў хаце, як роўна стукаў на таку цэп. Гэты гук нагадваў ёй яе нядаўняе маленства i восень.
