
Дзень бадай-што ўжо канчаўся. Наша мястэчка стаяла ў лагчыне i ўжо ледзь вiдно было ў засцiлах першых прыцемкаў. Сярод поля бялелася роўная iстужка дарогi - гэта быў вялiкi стары шлях памiж усходам i захадам. Нам дзiўна было бачыць, што ён цяпер пусты. Яшчэ некалькi дзён назад тут дзень i ноч грукацелi выгнанскiя фурманкi. Тут праехалi польскiя сяляне, нашы гародненцы, беластачане, вiленцы i вiлейчане. Паабапал гэтай дарогi навыростала многа магiл i крыжоў. Усе днi далёкая артылерыйская кананада на той бок Баранавiч глуха аддавалася ў нашых прасторах i абуджвала ў нашых душах трывогу i няясныя чаканнi самага горшага.
Ужо Волечка Нявадавых кончыла работу i збiралася дадому. Сонца вiсела над яснай далечынёй за нашым мястэчкам. Усе бачылi, як Волечка стаяла тварам на захад i, прыклаўшы руку да лба, углядалася ўдалечыню. Што яна там бачыць? Усе заўважылi нейкi невялiкi рух пад тою адзiнокаю хвояй. Тры чалавечыя постацi, воз з канём. Добра вiдно было, што двое паволi iдуць полем да трэцяга, якi стаяў на шашы ля воза i трымаў каня. Ад шашы да хвоi зусiм недалёка. Неўзабаве мы бачылi, як двое селi на воз i нешта вельмi высока сядзелi на iм. Нешта было пад iмi на возе. Трэцi iшоў ззаду, а воз наблiжаўся да нас.
- Чаго глядзець, - сказала Волечка i рухава сабралася рушыць дадому. Я вельмi добра аж дагэтуль памятаю тыя яе словы: хiба яна магла тады падумаць, што гэта едзе на старой растрэсенай фурманцы яе лёс?..
Фурманка спынiлася на дарозе ў мястэчка, непадалёку ад Волечкi, якая ўжо выводзiла на тую ж дарогу свайго каня. Усё гэта было даволi дзiўнае. На старым, пазвязваным дротам i вяроўкамi возе стаяла зачыненая труна, на ёй, у задку воза, спiною к каню, сядзеў нейкi чалавек. Гэта была iстота, на якую мы глядзелi з непаразуменнем: вочы чырвоныя i прыпухлыя, позiрк вялы, твар спушчан унiз да грудзей, чалавек увесь сцiснуты, скамечаны. Чым больш мы прыглядалiся, тым больш здагадвалiся: гэта палонны немец. Ззаду за возам прыйшоў i канвойны расейскi салдат. Цяпер ён стаяў з вiнтоўкай пры канi i сказаў да Волечкi:
