- Што гэта за мястэчка унь вiдно ў лагчыне?

- Сумлiчы, - адказала Волечка.

- А цi знойдзецца там, каб у каго пакласцi нанач гэтага немца?

- Дык дзiва што знойдзецца, - адказалi мы ўсе хорам, зацiкаўленыя тым, што ў нашым мястэчку будзе начаваць палонны немец.

- Ён хворы, - растлумачыў нам салдат. - Трэба даць яму паляжаць, а то ён не дойдзе да месца. I так дарогаю колькi разоў лажыўся каля дарогi. Унь пад той хваiнай у полi нешта гадзiн дзве ляжаў. Гэта добра, што гэты хлопец з возам якраз натрапiўся на дарозе. А то мне было хоць скачы каля яго. Не ўстае, дый годзе. А яшчэ далёка асталося мне яго канваiраваць.

- Але, добры iнтэрас! - з пратэстам у голасе i тоне абазваўся трэцi з гэтых людзей. Гэта быў хлапчук год шаснаццацi. З усяго вiдно было, што ён гаспадар каня i воза. Ён сядзеў на другiм канцы труны, у перадку воза, тварам к каню i спiною да немца, i трымаў у руках лейцы. - Табе трэба яго канваiраваць цi каб ён вылежваўся, а мне - вазiся з iм i вазi ў труне непахаванага бацьку. Табе добра, у цябе немец, чорт яго бяры, яны з гармат смалiлi па нашай вёсцы i нас у свет выгналi, а ў мяне хворы бацька ўчора памёр на дарозе, хворы i з дому выехаў, i мацi памерла на тым тыднi, пры дарозе пахована, i сястра памерла.

- Ну дык таго што было не вернеш. Давай падвязём яго ў мястэчка.

- Не павязу я яго! Пакуль не пахаваю бацькi - нiкога слухаць не буду! Я яго хацеў хаваць пад той хваiнай, а ты казаў, што паможаш мне дзе-небудзь тут пахаваць. Забыўся? Ну дык памагай.

- Дзе ў вас тут могiльнiк? - сказаў салдат у наш бок. Мы оступам стаялi каля гэтага растрыбушанага воза з труною. Ужо сонца вiсела на самым пункце свайго захаду: к вечару неба расчысцiлася, i восень нарадзiла ясноту хоць перад скананнем дня.

- Могiлкi унь, бярозы вiдны перад мястэчкам.

- Паедзем хаваць, - сказаў салдат.



3 из 177