Трэба было падаiць карову, а на дварэ ўжо зусiм сцямнела. Следам за Волечкай увайшоў у хату i малады выгнанец, якi толькi што пахаваў бацьку. Ён быў босы i ў салдацкай шапцы з пераломаным казырком. Хоць было яшчэ i цёпла, на iм нязграбна сядзела шырокая, не на яго рост, жакетка з самаробнага сукна, вядома ў дарозе. Каўнер абгамтаўся навокал шыi, i, напэўна, ён як адзеўся ў жакетку колькi дзён да гэтага, дык усё ўтрапенне апошнiх дзён так i перабыў, не раздзеючыся. Светлага воласу, з абветраным тварам i з рэдкiмi вяснушкамi на пераноссi, ён здаваўся цiхманым i не вельмi рухавым. Льга было падумаць, на яго гледзячы, што ён так будзе стаяць доўга ў парозе i чакаць, як i куды пойдуць далейшыя справы. А тым часам Волечка даставала з палiцы збанок i накрывала яго цадзiлкай.

- Пойдзеш карову даiць? - сказаў ён з няпэўнай iнтанацыяй няпрошанага госця.

- Пайду. Гэта ж ужо так позна, з усiм гэтым заваждалiся.

- Няхай яно ўсё прападзе, як нядобра, гадка i цяжка.

З аднаго толькi яго хрыпатага голасу можна было чуць, як сапраўды яму цяжка прыйшлося. Ён далей сказаў:

- Я хiба тут у вас з канём на двары пераначую, бо немаведама куды падацца: цёмна, позна, чужая старана. А заўтра буду брацца далей куды. А дзе ж усе, што ты адна дома?

- Мацi я свае не памятаю, яна даўно памерла, i маладзейшая сястра мая памерла, як малая была, а бацька на вайне i нiчога не пiша мне.

Яна пайшла, i ён за ёю. Iдучы за ёю, ён запытаў:

- Дзе гэта дастаць чаго, каб каня накармiць?

Яна нiчога не адказала, а ён больш не пытаў: яны ўбачылi, як салдат ссаджваў з воза хворага немца: трымаючы яго пад плячо, салдат бадай што нёс немца да сенечных дзвярэй, i той вяла перабiраў нагамi, гнучыся ў крук. Волечка i яе нечаканы госць пачалi памагаць салдату. Гуртам увялi яны немца ў хату i паклалi на лаву. Салдат сеў каля яго курыць. Волечка даiла карову. Малады выгнанец стаяў каля яе i ўсё парываўся нешта сказаць. Нарэшце вось што ён сказаў:



5 из 177